Кіраўнік дзяржавы сёння наведаў вядучае прадпрыемства беларускай нафтаперапрацоўкі "Нафтан"

7 июня 2019
Сітуацыя на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах, рэалізацыя інвестпраектаў і перспектывы галіны. Кіраўнік дзяржавы сёння наведаў вядучае прадпрыемства беларускай нафтаперапрацоўкі "Нафтан".

Вядома, візіт у Віцебскую вобласць - гэта добрая падстава комплексна зірнуць на сітуацыю ў рэгіёне. "Нафтан" зараз фарміруе 6 % ВУП вобласці і забяспечвае больш як палову паказчыкаў прамысловасці ў самім Наваполацку. Таму першарадная задача - зрабіць стаўку на развіццё іншых галін: машына-, станкабудавання, камунальнай сферы, - каб сысці ад залежнасці нафтахімічнага комплексу. Безумоўна, у цэлым у вобласці зроблена нямала. Рэканструяваны льнокамбінат, добрую дынаміку паказвае абутковая прамысловасць. А вось мясаперапрацоўчая галіна мае патрэбу ў нарошчванні аб'ёмаў сыравіны і паніжэнні выдаткаў. Што да прыцягнення інвестыцый, то ў параўнанні з іншымі абласцямі паказчыкі ніжэйшыя ўдвая.

Па-ранейшаму ключавой задачай для рэгіёна застаецца стварэнне неабходных умоў для павышэння ўзроўню жыцця людзей і росту заработнай платы.

А вось "Нафтан" бачыць будучыню  за развіццём нафтахімічнага кірунку. Прадпрыемства за чатыры месяцы гэтага года спрацавала з прыбыткам, рэнтабельнасць невялікая - крыху больш за адзін працэнт. Пяць аб'ектаў зараз  у працэсе будаўніцтва. Самы выдатковы - усталёўка каксавання, сэрца паліўнай лінейкі. Увод усяго комплексу дазволіць паглыбіць перапрацоўку вуглевадароднай сыравіны да 90 % і павялічыць выхад светлых нафтапрадуктаў да ўзроўню шасцідзесяці пяці працэнтаў. Гэта значыць, выціснуць з нафты максімум.

Кіраўнік дзяржавы сёння наведаў і аператарскую ўсталёўку першаснай перапрацоўкі нафты АТ-8. Яе завуць заводам у заводзе. На трох гектарах пабудаваны ўнікальны аб'ект, на якім многія пазіцыі - абсталяванне, тэхналогіі - вартыя звання эксклюзіўнага. Дзякуючы АТ-8 завод сумарна можа перапрацоўваць больш  як 12 мільёнаў тон нафты за год. Увод у эксплуатацыю ўсталёўкі дазволіў вырашыць адразу некалькі задач: павялічыць аб'ёмы перапрацоўкі нафты, знізіць спажыванне энергіі і пашырыць асартымент прадуктаў для забеспячэння сырцом усяго прадпрыемства.

Эканамічны і дзяржаўны эфект ад глыбокай мадэрнізацыі нафтахіміі, якасць прадукцыі, уменне захопліваць і ўтрымліваць новыя рынкі і знаходзіць спецыялістаў з высокай кампетэнцыяй. Ключавыя пытанні развіцця найважнейшай для эканомікі Беларусі, а значыць і рэальнага суверэнітэту галіны ў гэтыя хвіліны абмяркоўваюцца на нарадзе на Наваполацкім "Нафтане" з удзелам Кіраўніка дзяржавы. Пільная ўвага Прэзідэнта менавіта да нафтахіміі апраўдана. У мадэрнізацыю толькі "Нафтана" ўкладзена больш за 1,5 мільярда долараў, а два заводы ў Наваполацку і Мазыры займаюць больш як 15 % ад усёй прамысловай вытворчасці краіны. Нафтахімія важная для краіны яшчэ і як інавацыйны кластар. Тут фарміруюцца новыя тэхналогіі і матэрыялы для шырокага спісу сумежнікаў - ад будаўніцтва да парфумерыі. Адгэтуль і прыярытэтнасць рашэння фінансавых і арганізацыйных пытанняў мадэрнізацыі "Нафтана" і Мазырскага НПЗ.