Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з баявымі магчымасцямі пятай брыгады спецпрызначэння

13 декабря 2013

Развіццё сіл спецыяльных аперацый - адзін з перспектыўных кірункаў Узброеных cіл Беларусі. Пра гэта сёння заявіў Кіраўнік дзяржавы падчас наведвання пятай асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ў Мар'інай Горцы. Баявыя магчымасці беларускіх камандас Галоўнакамандуючаму прадэманстравалі на вайсковым стрэльбішчы і ў гарадку тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі. Трэніроўкі ў брыгадзе праходзяць амаль кругласутачна. Разведка і контрдыверсійная дзейнасць - спецыялізацыя армейскага спецназа. Паказалі Прэзідэнту і сучасныя ўзоры бронеаўтамабіляў, лятальных апаратаў і стралковай зброі, мадэрнізаванай беларускай ваеннай прамысловасцю.


Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з побытам вайскоўцаў, агледзеў вучэбныя класы і іх абсталяванне. Таксама Прэзідэнту далажылі наконт выканання дзяржпраграмы па абуладкаванні ваенных гарадкоў. За апошнія 3 гады рэканструявана 1200 аб'ектаў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Узброеныя сілы і войскі сіл спецаперацый могуць і надалей разлічваць на дзяржаўную падтрымку. У той жа час, на думку Аляксандра Лукашэнкі, ёсць сэнс падумаць над структурай і колькасцю Узброеных сіл.


Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў патэнцыял маладых людзей, якія праходзяць службу ў Мар'інай Горцы, і папярэдзіў камандзіраў, каб убачанае ім сёння было рэальнасцю беларускіх сіл спецаперацый, а не паказным. На памяць аб наведванні ваеннага аб'екта Прэзідэнту падарылі сапраўдны набор дэсантніка: баявы нож, цяльняшку і берэт.