Кіраўнік дзяржавы адкрыў радзільны дом у комплексе 5-ай гарадской клінічнай бальніцы

30 декабря 2015

Аляксандр Лукашэнка ацаніў сучаснае абсталяванне, якое дазволіць ратаваць нават самых цяжкіх немаўлятаў, і пазнаёміўся з новымі грамадзянамі краіны. Падводзілі сёння, як гэта прынята, у пярэдадзень Новага года, і вынікі адыходзячага - гэта і клопат аб нашых дзецях, дарэчы, тут Прэзідэнт адзначыў, што сацыяльную скіраванасць у палітыцы дзяржавы і надалей будзе захоўваць, і ключавыя падзеі ў жыцці нашай краіны - аб гэтым крыху пазней у праграме. Агучылі Прэзідэнту і вынікі ў дэмаграфіі і ў цэлым маштабнай рэформы аховы здароўя. Сёлета Беларусь упершыню выйдзе на нулявы дэмаграфічны баланс, а з улікам міграцыі - жыхароў краіны стане на 17 тысяч больш. Усе падрабязнасці - у рэпартажы Ілоны Красуцкай.

Вяртацца - добрая прыкмета. Асабліва ў адзін і той жа радзільны дом. Свайго першынца Кацярына Разанцава нараджала яшчэ ў старым корпусе 5-ай бальніцы. Праз сем гадоў вярнулася па дачку. Антураж новы, а ўсе ўрачы, як родныя.

Новы радзільны дом у комплексе 5-ай гарадской клінічнай бальніцы сёння наведаў і Кіраўнік дзяржавы. Вялізны цэнтр узвялі ўсяго за 4,5 года. Радзільны дом мае самае сучаснае абсталяванне, і працуюць там лепшыя спецыялісты. Тут здольныя выходжваць самых складаных немаўлятаў і забяспечваць здаровую будучыню іх мамам. Зрэшты, аб дасягненнях і прафесіяналізме беларускіх урачоў сведчаць і сусветныя рэйтынгі. Беларусь на 25-м месцы сярод найболей дабрабытных для мацярынства краін. Гэты паказчык - лепшы ў СНД.

Апошнія 10 гадоў назіраецца рост нараджальнасці ва ўсіх рэгіёнах краіны. З 2007 штогод на свет з'яўляецца больш за 100 тысяч немаўлятаў. Прытым, усё часцей беларусы адважваюцца на другога і трэцяга. Сёлета наша краіна ўпершыню выйдзе на нулявы дэмаграфічны баланс, а з улікам міграцыі - жыхароў краіны стане на 17 тысяч больш. Да нас едуць нараджаць з-за мяжы, у першую чаргу з Расіі і Украіны.

У 2,5 раза за дзесяць гадоў скарацілася і дзіцячая смяротнасць. Яшчэ адзін вынік - пяць гадоў, уключаючы гэты, атрымліваецца ратаваць усіх парадзіх. Нашы ўрачы выходжваюць і нованароджаных з масай цела каля 500 грамаў.

Мабыць, у тым, што дзеці - лепшая інвестыцыя, у прамым сэнсе, ужо ўпэўніліся беларусы. З 1 студзеня гэтага года запрацаваў новы від дзяржпадтрымкі шматдзетных сем'яў. Гэта "сямейны капітал". Каб дэмаграфічныя паказчыкі імкнуліся выключна ўверх, у краіне прадоўжаць мадэрнізацыю і будаўніцтва новых медустаноў.

Дарэчы, да будаўніцтва новага радзільнага дома Аляксандр Лукашэнка, у прамым сэнсе, прыклаў руку. Летась падчас рэспубліканскага суботніка разам з Кіраўніком дзяржавы на аб'екце працавалі чыноўнікі, студэнты медуніверсітэта, а таксама трохразовая алімпійская чэмпіёнка, Герой Беларусі Дар'я Домрачава.

Будучых мам комплекс прыняў усяго тыдзень назад. За гэты час сцены ўжо пачулі першы плач 29 малых. Аказваецца, медыкі - людзі забабонныя. Шчаслівыя: спраўдзілася добрая прыкмета - першым з'явіўся хлопчык. Сёння раніцай тут нарадзіліся 6 беларусаў. З'яўлення яшчэ чацвярых урачы чакалі, пакуль ішла экскурсія для Прэзідэнта. Аб новым комплексе Аляксандру Лукашэнку разам з галоўным урачом распавядала і яго намеснік - Марына Шкроб. Адпачыць напярэдадні ёй не атрымалася, але не толькі з-за хвалюючага візіту. Уначы ў комплексе правялі дзве найскладанейшыя аперацыі.

З абсталявання тут сабрана ўсё лепшае, што створана ў свеце акушэрства і гінекалогіі. Гэта фетальныя маніторы (з іх дапамогай сочаць за станам плода), апараты УГД, штучнай вентыляцыі лёгкіх, боксы для нованароджаных.

Такая колькасць гасцей ніяк не пагражае здароўю нованароджаных. У цэнтры выкарыстоўваюць тэхналогію чыстых пакояў. Палаты абсталяваныя найноўшай сістэмай вентыляцыі, якая, у тым ліку, дазваляе ўстанаўліваць патрэбную тэмпературу.

Тут ёсць і палаты для сумеснага знаходжання маці і дзіця. У блоку, напрыклад, іх дзве - двухмесная, аднамесная. Кантакт пацыентка і медсястра падтрымліваюць па бесправадной сувязі. Дзякуючы спецыяльным датчыкам пасродкам вай-фай інфармацыя аб стане маці пасля родаў перадаецца на камп'ютар урача. 6 тысяч - менавіта столькі малых тут плануюць выпісваць штогод.

У медперсаналу ёсць свой дэвіз: роды - гэта свята для любой жанчыны. Таму і сама абстаноўка ніяк не нагадвае антураж медустановы. Дызайн падбіралі так, каб усё радавала вока маладых маці.

Зрэшты, новыя павевы - не толькі ў інтэр'еры. Беларусь дынамічна адыходзіць ад догм, што "роды - гэта асабліва жаночая справа". У стацыянары 11 радзільных залаў, з іх 4 - індывідуальныя (для партнёрскіх родаў). Усё часцей ў гэты важны дзень побач з беларускамі знаходзіцца муж. Жонцы больш дапамагае маральна: адцягвае ад болю і нагадвае аб правільным дыханні.

Гады праз 4, калі Варвара падрасце, зможа з цікавасцю разглядаць гэтыя кадры. Тут ёй усяго 4 дні. Пакуль малая спіць, маці марыць вярнуцца сюды яшчэ раз - па сястрычку і брата.

У кожную палату Аляксандр Лукашэнка заходзіў з падарункамі. Цікавіўся здароўем маці і малых. І абавязкова прасіў вяртацца яшчэ як мінімум па дваіх.

Стацыянар у 5-й клінічнай - самы буйны ў Мінску. Па плошчы ў рэспубліцы ў яго толькі адзін канкурэнт - брэсцкая радзільня. Але геалакацыя ніяк не адлюстроўваецца на камфорце і бяспецы будучых маці. Урачы ўпэўненыя: галоўнае выбраць сваю любімую радзільню і вяртацца туды часцей.