Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў перспектывы ўзаемадзеяння нашай краіны з рэгіёнамі Сібіры

17 июня 2013

Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў перспектывы ўзаемадзеяння нашай краіны і з рэгіёнамі Сібіры на сустрэчы з паўнамоцным прадстаўніком Прэзідэнта Расіі ў Сібірскай акрузе Віктарам Талаконскім. Асноўныя вектары двухбаковага супрацоўніцтва - машынабудаванне, інавацыі і будаўніцтва. Менавіта па іх Беларусь гатовая ўмацоўваць узаемадзеянне. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, патэнцыял Сібіры - вялізны і ўзаемны тавараабарот у паўтара мільярда долараў - гэта толькі пачатак.


Якія праекты прывезлі ў Мінск расійскія госці - ведае Алеся Высоцкая.


Прадстаўнікі рэгіёнаў Расіі прыязджаюць у Беларусь не менш як на тры дні. Гэта ўжо традыцыя. Але нават і трох дзён часта не хапае для дэталёвых перамоў: занадта шырокая ўзаемная цікавасць і ў кожны візіт у партнёрства дадаецца нешта новае. Напярэдадні госці вывучалі спартыўныя і культурныя аб'екты краіны, глядзелі, як наладжана сельскагаспадарчая вытворчасць. Сёння пачалі дзень з даніны памяці. Гісторыя ў нашых народаў агульная.


Чатыры рэспублікі, тры краі, пяць абласцей. Віктар Талаконскі - паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта Расіі ў Сібірскай федэральнай акрузе - прывёз у Мінск прадстаўнічую дэлегацыю. У ёй кіраўніцтва розных рэгіёнаў, якія ўваходзяць у акругу. А ён, дарэчы, займае амаль траціну тэрыторыі Расіі. Тут сканцэнтраваныя 85% агульнарасійскіх запасаў свінцу і плаціны, вугалю, медзі, каля 40% серабра і золата. Агульны валавы рэгіянальны прадукт складае 10% ВУП Расіі.


З Віктарам Талаконскім Аляксандр Лукашэнка знаёмы асабіста. Сустракаўся, тады яшчэ з губернатарам, у Навасібірску 12 гадоў таму. З тых часоў прасунуцца ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве атрымалася значна. Аб'ёмы знешняга гандлю Беларусі з Сібірскай Федэральнай акругай выраслі больш як у пяць разоў, а з Новасібірскай вобласцю - дзесяціразова павялічыліся.
Летась кантакты з гэтым рэгіёнам Расіі прыкметна актывізаваліся. Прынятыя дарожныя карты - гэта значыць пакрокавыя планы таго, як будзе развівацца супрацоўніцтва. Мытны саюз і Адзіная эканамічная прастора адкрылі новыя гарызонты. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў актывізаваць узаемадзеянне з рэспублікамі Хакасія, Алтай, Бурація і Тыва, Томскай вобласцю і Забайкальскім краем.


Традыцыйна, аснова беларускіх паставак у рэгіёны Сібіры - грузавікі, шыны, сельгастэхніка, запчасткі. У Беларусь імпартуецца вугаль, вагоны, вуглярод, камплектуючыя. Беларусь па-ранейшаму гатовая забяспечваць патрэбнасці Сібіры ў кар'ернай, спецыяльнай, сельскагаспадарчай і іншай тэхніцы, у тым ліку і ў рамках федэральных і рэгіянальных праграм.


Варта павялічыць, лічыць Аляксандр Лукашэнка, долю высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі. Больш актыўна задзейнічаць сферу паслуг. Сібірская Федэральная акруга робіць зараз стаўку на развіццё сельскай гаспадаркі. Ёсць план да 2020 года, дзе абнаўленне сельгастэхнікі чакаецца на 90%. Плюс плануюцца закупкі новых рэсурсазберагальных і энерганасычаных машын, таксама будаўніцтва сучасных жывёлагадоўчых комплексаў.


Паўдзельнічаць у гэтым можа і Беларусь. Наша тэхніка заўсёды тут карысталася попытам. Зараз, праўда, назіраецца некаторае падзенне аб'ёмаў паставак. Але гэта толькі часовыя цяжкасці, запэўніў Віктар Талаконскі. На сусветных рынках падае попыт на кузбаскі вугаль, іншыя карысныя выкапні, як вынік - недафінансаванне закупак новай тэхнікі. Але адмаўляцца ад беларускіх брэндаў на карысць імпартных канкурэнтаў Сібір не мае намеру.


Што тычыцца тэхналогій у АПК, расійскія госці засталіся прыемна здзіўленыя тым, што ўбачылі падчас наведвання нашых перапрацоўчых прадпрыемстваў у малых гарадах. Беларусь гатовая пастаўляць свае тэхналогіі што называецца пад ключ. Міжнародны вопыт ужо нядрэнны.


Сёння на выставе найноўшых мадэляў дарожна-будаўнічай, камунальнай і сельскагаспадарчай тэхнікі расіяне асабліва зацікавіліся машынамі, незаменнымі ў лесанарыхтоўках. Беларуская тэхніка нічым не саступае фінскім аналагам, якія зараз працуюць у сібірскіх лясах, заявілі ў дэлегацыі. А гэта магчымасць заняць рынак рэгіёну і паставіць для пачатку каля ста адзінак тэхнікі.


Дэталёвая гутарка прадоўжылася ва ўрадзе. Тут заяўлена пра намер стварыць інжынірынгавую кампанію або інавацыйны фонд сумесна з Сібірскай федэральнай акругай Расіі. Па задумцы беларускага ўрада, гэта паскорыць і пошук грошай пад наватарскія праекты, а значыць, і іх укараненне ў вытворчасць.