Кіраўнік дзяржавы прызначыў Юрыя Церцеля начальнікам Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце

7 июня 2018

Сёння Кіраўнік дзяржавы прызначыў Юрыя Церцеля начальнікам Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі. Гэта адна з нямногіх арганізацый, якая мае такі высокі статус.

Большую частку прафесійнага жыцця Юрый Церцель прысвяціў вайсковай часці 1250 або так званаму пагранічнаму спецназу, дзе служыў 16 гадоў і прайшоў усе прыступкі: ад старшага афіцэра да камандзіра. Прэтэндэнта на гэтую пасаду выбіралі з розных кандыдатур. Як расказаў Аляксандр Лукашэнка, шукалі жорсткага, дысцыплінаванага і ваеннага кіраўніка. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу новага кіраўніка ў першую чаргу на захаванні прыродных багаццяў краіны, а таксама на навядзенні парадку ў самой дзяржінспекцыі.

На мінулым тыдні Юрый Церцель прысутнічаў і на пагранзаставе "Дзівін", якую наведваў Кіраўнік дзяржавы. Тады Прэзідэнт праанансаваў прызначэнне і агучыў будучаму кіраўніку першачарговыя задачы для працы ў новай сферы, галоўная з якіх - навесці ў дзяржінспекцыі жалезны парадак, пры гэтым улічваць інтарэсы насельніцтва.

Нагадаем, вакансія начальніка гэтай структуры з'явілася месяц таму пасля вызвалення ад занятых пасад папярэдняга кіраўніка дзяржінспекцыі і яго намесніка за непрыняцце мер па спыненні правапарушэнняў і фактаў карупцыі ў падведамасных арганізацыях.

Дзяржінспекцыя аховы прыроднага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі створана 15 гадоў таму. Як вызначана ў назве, яе асноўныя задачы - ахова жывёл і раслін, ляснога фонду, захаванасць рыбы. У склад структуры ўваходзяць 6 абласных і 38 міжраённых інспекцый. Пад іх кантролем уся тэрыторыя нашай краіны. Дарэчы, інспекцыяй распрацаваны і мабільны дадатак, дзякуючы якому сведкі парушэнняў могуць аператыўна перадаць фатаграфіі і звесткі з месца здарэння, што дазваляе дзяжурнай службе імгненна рэагаваць і спыняць такія факты.