Кіраўнік дзяржавы накіраваўся з афіцыйным візітам ва Украіну

17 июня 2013

Заўтра ў Кіеве пройдуць перамовы Аляксандра Лукашэнкі з яго калегам Віктарам Януковічам. На прадаку дня пытанні і перспектывы двухбаковага ўзаемадзеяння. Адзначым, тавараабарот паміж краінамі летась дасягнуў рэкорднай адзнакі - амаль 8 мільярдаў долараў.



З Кіева перадае наш карэспандэнт Ілона Красуцкая.


У такім фармаце Аляксандр Лукашэнка і Віктар Януковіч не сустракаліся каля трох гадоў. Апошні раз беларускі лідар наведваў Украіну з афіцыйным візітам у 2010 годзе, хаця палітычныя кантакты двух прэзідэнтаў былі рэгулярнымі. Сёння вечарам борт нумар адзін Прэзідэнта Беларусі прызямліўся ў аэрапорце Барыспаль.



Аляксандр Лукашэнка наведаў мемарыяльны комплекс Парк Вечнай Славы ў Кіеве і ўсклаў вянок да Магілы Невядомага Салдата. Абеліск узведзены ў гонар воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Прэзідэнт Беларусі ўшанаваў памяць загінуўшых герояў хвілінай маўчання.


Ад Вечнага агню беларускі лідар накіраваўся і да мемарыяла ахвяр галадамору ва Украіне.



Украіна - даўні сябар і партнёр нашай краіны. Перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай галіне. Летась узаемны тавараабарот дасягнуў рэкорднай адзнакі - размова ідзе амаль пра 8 мільярдаў долараў.



Аснова беларускага экспарту - нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, трактары і халадзільнікі. Украіна імпартуе запасныя часткі і камплектуючыя да трактарнай, аўтамабільнай зернеўборачнай тэхнікі. На сённяшні дзень павялічваюцца аб'ёмы паставак беларускага абсталявання і тэхнікі на ўмовах міжнароднага фінансавага лізінгу. Прыярытэтнымі пунктамі нарошчвання экспарту павінны стаць пастаўкі жывёлагадоўчай, у першую чаргу, натуральнамалочнай прадукцыі і масла, экспарт прадукцыі хімічнай прамысловасці.



Заўтра Аляксандр Лукашэнка і сустрэнецца з украінскім калегам Віктарам Януковічам. Перамовы адбудуцца ў вузкім і пашыраным саставах. Кіраўнікі дзяржаў прыярытэтна абмяркуюць пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Запланавана падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў.