Кіраўнік дзяржавы нагадаў новым кіраванцам пра залатое правіла кожнага кіраўніка

27 января 2015

Сумленна працаваць, захоўваць дысцыпліну і дзейнічаць у інтарэсах народа і дзяржавы - такія першарадныя задачы паставіў сёння Кіраўнік дзяржавы, калі прымаў кадравыя рашэнні. 

Да Прэзідэнта запрасілі семярых новых кіраванцаў. Ім чакае праца ў няпростых умовах, і тут Прэзідэнт адзначыў важнасць акуратнага, узважанага падыходу ва ўсіх рашэннях, у тым ліку і ў стаўленні да падначаленых. Галоўнае - клопат пра людзей. І ключавое пажаданне - курс на стабільнае развіццё эканомікі. 

Усе падрабязнасці - у рэпартажы Сяргея Хамянтоўскага.

Кадравы дзень у Кіраўніка дзяржавы радавым не назавеш, тэхнічным тым больш. Кадравая палітыка заўсёды на асабістым кантролі ў Прэзідэнта. Вось і ад сённяшняга мерапрыемства яго ўдзельнікі і прэса чакалі чагосьці зусім не планавага.

Гэты кадравы дзень прайшоў пад знакам умацавання рэгіянальнай вертыкалі ўлады. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта чытае кадравы пратакол. У ім 7 новых кіраванцаў. Аляксандр Косінец , які добра ведае Віцебскую вобласць, з бачным задавальненнем прадстаўляе старшыняў Наваполацкага, Браслаўскага, Талачынскага райвыканкамаў.

Не засталіся без новых кадраў і іншыя рэгіёны. З Горак у Кіраўскі раён пераязджае Аляксандр Бутараў. Андрэй Зубар зараз галоўны ў раёне Чэрвеньскім. Новыя намеснікі ў губернатара Мінскай вобласці. На павышэнне пайшлі Алег Плаўскі і Віктар Сірэнка.

Падбор кадраў вынікае з рэалій сённяшняга дня, упэўнены Кіраўнік дзяржавы. А зараз яны такія, што, апроч патрабавальнасці, і крэатыў неабходны. Мэта - знайсці свежыя рашэнні. Бо свежыя кадры ўжо ёсць.

Пабудаваць моцную краіну могуць толькі моцныя кіраванцы, наказвае Аляксандр Лукашэнка. І прызнаецца: сітуацыя з аплатай працы чыноўнікаў няпростая. Рост магчымы толькі пасля аптымізацыі дзяржапарата.

Нагадаў Кіраўнік дзяржавы новым кіраванцам пра залатое правіла кожнага кіраўніка - клопат пра падначаленых. У год прэзідэнцкіх выбараў праца з людзьмі павінна быць актуалізаваная, лічыць Аляксандр Лукашэнка, і акцэнтаваная на патрэбах людзей.

Апошні час важнасць кардынальна павысіць эфектыўнасць кіравання ў інтарэсах краіны адзначалася Прэзідэнтам не раз. Сёння Кіраўніком дзяржавы яшчэ раз пастаўленая задача адаптаваць кадравы корпус да сучасных патрабаванняў і ўмоў.

Сёння ж Кіраўнік дзяржавы прызначыў першых намеснікаў старшыняў Камітэта дзяржкантролю і Белстата. Імі сталі Іван Рамановіч і Ірына Кангро. Жана Васілеўская з гэтага часу намглавы Белстата. Новы кіраўнік у апарата Савета міністраў, ім стаў Ігар Сокал. Яўген Каваленка ўзначаліў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. Пасол у Сірыі Аляксандр Панамароў зараз прадстаўляе інтарэсы Беларусі ў Ліване па сумяшчальніцтве. 

Таксама Прэзідэнт даў згоду на прызначэнне Ігара Клепчы першым намеснікам Міністра па падатках і зборах, Генадзя Свідзерскага - першым намеснікам Міністра прамысловасці, Аляксандра Дубкоўскага - намеснікам Міністра спорту і турызму, Юрыя Селіверстава - намеснікам Міністра фінансаў, Ірыны Касцевіч - намеснікам Міністра эканомікі, Міхаіла Чашчына - дырэктарам Дэпартамента інфарматызацыі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Сяргея Бабко - дырэктарам Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржкамітэта па стандартызацыі, Вадзіма Заранкіна - членам Віцебскага аблвыканкама.