Кіраўнік дзяржавы напярэдадні прыняў важныя кадравыя рашэнні

2 апреля 2019
Леанід Заяц  зойме пасаду старшыні Магілёўскага аблвыканкама, а Міхаіл Русы  накіраваны на пасаду Памочніка Прэзідэнта - інспектара па Магілёўскай вобласці.

Адпаведныя ўказы ўжо падпісаныя. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў матывы, па якіх чыноўнікі нядаўна былі вызвалены ад пасад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання  і віцэ-прэм'ера. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за ўсё, што адбывалася ў краіне ў сферы сельскай гаспадаркі, яны неслі персанальную адказнасць, пачынаючы ад канкрэтных даручэнняў  па пэўных культурах да тэхналогій у АПК і паставак прадукцыі за мяжу. Рашэнне прынята не проста па слядах убачанага на асобнай ферме, а стала вынікам цэлага шэрагу недапрацовак у рэгіёне ў прыватнасці і ў сельскай гаспадарцы ў цэлым. У Магілёўскай вобласці павінны працаваць вопытныя людзі, таму цалкам заканамерна, што менавіта такіх кіраўнікоў Прэзідэнт накіроўвае ў рэгіён,  які павінен выйсці на добры вынік. 

Як заўважылі журналісты, якія прысутнічалі на сустрэчы, Леанід Заяц і Міхаіл Русы ўспрынялі новыя прызначэнні без энтузіязму. Аднак Кіраўнік дзяржавы ў загадным парадку накіраваў працаваць на гэтыя пасады экс-міністра сельскай гаспадаркі і экс-віцэ-прэм'ера, са свайго боку паабяцаўшы ім усялякую падтрымку. Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта даручана ўнесці кандыдатуру Леаніда Зайца на зацвярджэнне Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў. 

Генадзь Лаўранкоў вызвалены ад пасады памочніка Прэзідэнта - інспектара па Магілёўскай вобласці ў сувязі з выхадам у адстаўку.