Фарміраванне спрыяльнага асяроддзя для ўстойлівага развіцця эканомікі - асноўная задача Нацбанка

7 февраля 2019

Сітуацыя на фінансавым рынку, узмацненне адказнасці Нацбанка за яе стабільнасць і мерапрыемствы да 25-годдзя беларускага рубля. Гэтыя тэмы сёння сталі ключавымі на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы са старшынёй праўлення галоўнага фінансавага рэгулятара Паўлам Калаўрам.

За апошні год удалося дабіцца стабільнасці. І ў гэтым Прэзідэнт бачыць немалую заслугу Нацбанка. Цяперашняя грашова-крэдытная палітыка адпавядае пастаўленай мэце па інфляцыі - да канца года чакаецца абмежаванне лічбы ў межах 5 %. Фарміраванне спрыяльнага асяроддзя для ўстойлівага развіцця эканомікі - асноўная задача Нацбанка. Адказнасць за фінансавую стабільнасць ускладзена на старшыню праўлення. Аднак, на думку кіраўніцтва рэгулятара, традыцыйных інструментаў грашова-крэдытнай палітыкі і банкаўскага нагляду можа аказацца недастаткова. Таму прапануецца ўзмацніць паўнамоцтвы Нацбанка і замацаваць яго адказнасць у дадзенай сферы. Кіраўнік дзяржавы гэтую ініцыятыву падтрымаў.

Літаральна напярэдадні Нацбанк азнаёміў грамадскасць са звесткамі аб сітуацыі на фінансавым рынку. Назіраецца станоўчая дынаміка. Пакуль вырашана захаваць стаўку рэфінансавання ў краіне на ўзроўні гістарычнага мінімуму - 10 %. У кіраўніцтва рэгулятара ёсць дакладнае бачанне, якія меры прымаць для эканамічнага росту ў гэтым годзе, стратэгія для нівелявання знешніх рызык і падтрымкі нізкай інфляцыі.

Павел Калаўр, Старшыня праўлення Нацбанка Беларусі: "Фінансавая стабільнасць - не проста ўстойлівасць у бягучым моманце банкаўскай сістэмы, іншых фінансавых пасрэднікаў, фінансавых рынкаў, плацежнай сістэмы. Але гэта такі стан усіх гэтых кампанентаў, які дазваляе заставацца ўстойлівым, нават калі будуць нейкія знешнія шокі. Міжнародная практыка ведае цэлы шэраг інструментаў. Некаторыя ў нас ужо задзейнічаныя. Як прыклад - абмежаванне пазыковай нагрузкі на фізічную асобу, калі бяруцца крэдыты. Гэта накіравана на тое, каб засцерагчы насельніцтва ад залішняй закрэдытаванасці. Мы павінны не спараджаць, а засцерагаць ад сістэмных рызык".

На сустрэчы таксама абмяркоўваліся магчымыя фарматы правядзення мерапрыемстваў да 25-годдзя беларускага рубля. Нацыянальны банк сумесна з Саўмінам мае намер распрацаваць стратэгію па павышэнні даверу да нацыянальнай валюты. У абарачэнні з'явяцца абноўленыя купюры наміналам 5 і 10 рублёў, а таксама манеты: 1, 2 капейкі і 2 рублі. У планах выданне каталога банкнот і манет Беларусі. А для журналістаў арганізуюць экскурсію ў цэнтральнае сховішча Нацбанка.