Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапануе ўзмацніць абарону правоў працоўных

24 октября 2016

Захаванне працоўных калектываў і барацьба з неабгрунтаванымі скарачэннямі сталі сёння галоўнымі тэмамі на сустрэчы Прэзідэнта з кіраўніком Федэрацыі прафсаюзаў Міхаілам Ордам. Сярод першачарговых пытанняў таксама годныя ўмовы працы і сацыяльныя гарантыі. Усяго арганізацыя аб'ядноўвае больш як 4 мільёны чалавек, гэта 95,3% эканамічна актыўнага насельніцтва краіны. У яе склад уваходзяць 22 галіновыя прафсаюзы. Самыя прадстаўнічыя па колькасці - прафсаюзы работнікаў АПК, адукацыі, навукі і аховы здароўя.

Раз на 5 гадоў ФПБ вызначае стратэгію працы - дарожную карту. Так, па выніках сёмага з'езду з удзелам Прэзідэнта федэрацыя разгарнула кампанію па стварэнні новых прафарганізацый у прыватным сектары. На іх долю ўжо прыпадае 75% зноў створаных прафсаюзаў. Яшчэ адна ініцыятыва: рэарганізацыя галіновых і аб'яднанне роднасных прафсаюзаў.

Першым (шляхам зліцця работнікаў прамысловасці, аўта- і сельскагаспадарчага машынабудавання, металістаў) стаў прафсаюз "Белпрафмаш". Падобны сцэнарый "прафсаюзнай мадэрнізацыі" закране 11 галіновых прафрухаў.

Міхаіл Орда, Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "Прэзідэнт вельмі падрабязна пацікавіўся аб тым, як адбываецца мадэрнізацыя прафсаюзаў і выказаў сваю думку аб тым, што гэта праца не можа спыняцца. Паколькі сёння ў нас аптымізуюцца ўсе галіны эканомікі, прафсаюзы не могуць застыць на месцы і быць убаку. Я праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы аб тым, што ў нас з пачатку года аб'ядналіся прафсаюзы транспарту, лясной гаспадаркі і біятэхналогій, аб'ядналіся прафсаюзы энергетыкі. Далей гэта праца будзе працягвацца. Мы са свайго боку праінфармавалі Кіраўніка дзяржавы аб мотавелазаводзе, аб тым, як там складваецца сітуацыя на вытворчасці, у працоўным калектыве, якія ёсць цяжкасці, і выказалі свае прапановы па тым, як гэтая вытворчасць павінна працаваць і развівацца. Галоўны бясспрэчны момант - гэта брэнд, марка нашай краіны, і сёння гэты завод ні пры якіх акалічнасцях не можа быць згорнуты. Адноўлена будзе вытворчасць, паколькі сёння веласіпеды і іншая тэхніка неабходныя для нас саміх, і гэты завод павінен працаваць".

Узбуйненне прафсаюзаў - гэта распаўсюджаная практыка ў многіх краінах. Так, у Расіі вядзецца работа па аб'яднанні сямі прамысловых прафсаюзаў.

У Германіі, дзе раней дзейнічалі 22, пасля рэарганізацыі нацыянальны прафцэнтр аб'ядноўвае 11 галіновых прафсаюзаў. Ідэнтычныя лічбы і ў нашага стратэгічнага партнёра - Кітая.

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапануе таксама ўзмацніць абарону правоў працоўных. Маніторынг арганізацыі сёлета пацвярджае наяўнасць праблемы ўтоенага скарачэння, калі аптымізацыя колькасці работнікаў адбываецца шляхам непрадаўжэння кантрактаў, а не за кошт скарачэння штата супрацоўнікаў. У такім разе ФПБ дасць добрасумленным работнікам дадатковыя гарантыі. Прапануецца такі механізм: калі на працягу года ў работадаўцы не было ніякіх заўваг да супрацоўніка, кантракт з ім павінен быць падоўжаны на максімальны тэрмін. Падрабязнасці рабочага дня Кіраўніка дзяржавы сёння ў "Панараме".