Гэтай раніцай адбылася тэлефонная размова прэзідэнтаў Беларусі і Таджыкістана

5 октября 2017

Лідары абмеркавалі ўвесь спектр двухбаковых адносін і падкрэслілі зацікаўленасць у далейшым нарошчванні супрацоўніцтва дзвюх краін. Асаблівая ўвага была нададзена гандлёва-эканамічнай сферы, у тым ліку ўзаемадзеянню ў прамысловасці і сельскагаспадарчай галінах, арганізацыі паставак тэхнікі ў Таджыкістан.

Аляксандр Лукашэнка запрасіў Эмамалі Рахмона наведаць з рабочым візітам Беларусь у рамках сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ у Мінску. Гэта паспрыяе падтрыманню давернага палітычнага дыялогу, надасць імпульс гандлёва-эканамічным адносінам.

Падчас тэлефоннай размовы прэзідэнты таксама абмеркавалі ўзаемадзеянне краін на міжнародных пляцоўках. Акрамя гэтага, беларускі лідар цёпла павіншаваў свайго калегу з 65-гадовым юбілеем.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў няпростых умовах Таджыкістан здолеў захаваць сваю цэласнасць і незалежнасць, дасягнуць прыкметных поспехаў у сацыяльна-эканамічным развіцці, а таксама ўмацаваць аўтарытэт на міжнароднай арэне, у чым вялікая заслуга Эмамалі Рахмона.