Эканомія стане на абарону эканамічнай бяспекі краіны

27 января 2016

Дырэктыва Прэзідэнта Беларусі нумар 3, якая раней называлася "Эканомія і беражлівасць - галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы", прынятая ў новай рэдакцыі. Адпаведны ўказ Кіраўнік дзяржавы падпісаў сёння.

Адметна, што мяняецца назва дырэктывы, якая зараз гучыць так: "Аб прыярытэтных напрамках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы". Сярод такіх напрамкаў - пошукі новых рынкаў збыту беларускага экспарту, нарошчванне выпуску інавацыйнай прадукцыі, змяненне якасці кіравання прамысловым комплексам краіны. Асаблівая ўвага - павышэнню прадукцыйнасці працы і, нарэшце, павышэнне ўзроўню энергетычнай бяспекі краіны.

Аб неабходнасці актуалізаваць гэтыя напрамкі гаварылася і ў рамках нарады па пытаннях эканомікі з удзелам Кіраўніка дзяржавы. Усе гэтыя меры ў выпадку іх выканання, на думку экспертаў, дапамогуць супрацьстаяць знешнім шокам, пераадолець эканамічны спад і галоўнае - гарантаваць эканамічную бяспеку краіны.

Савету Міністраў даручана за трохмесячны тэрмін зацвердзіць план мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў абноўленай дырэктывы. Персанальная адказнасць за выкананне дакумента ўскладаецца на прэм'ер-міністра, кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падначаленых ураду, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.