Эканомікі краін ЕАЭС сёлета вярнуліся на траекторыю росту

11 октября 2017

Зрабіць гэтую тэндэнцыю ўстойлівай - галоўная задача аб'яднання. Як яе вырашыць - сёння ў Сочы абмяркоўвалі лідары шасці дзяржаў. Ключавы момант - фарміраванне агульных рынкаў газу і нафты. Праграмныя дакументы павінны зацвердзіць да канца года. Менавіта зняцце гандлёвых бар'ераў і абмежаванняў унутры ЕАЭС павысіць канкурэнтаздольнасць прадпрыемстваў і стане новым крокам для інтэграцыі. Таксама вялікую ўвагу варта надаць тэме інавацый. На гэтым зрабіў асобны акцэнт Прэзідэнт Беларусі.

У першай палове дня лідары краін працавалі ў больш шырокім фармаце: Садружнасці Незалежных Дзяржаў. І тут існуюць свае праблемы. Напрыклад, некаторыя структуры ў рамках СНД працуюць не самым эфектыўным чынам. Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад Міжпарламенцкую асамблею СНД і прапанаваў удасканальваць яе дзейнасць. А таксама адкрыта акрэсліў яшчэ шэраг праблем, якія перашкаджаюць плённай сумеснай працы.

Па выніках самітаў быў падпісаны шэраг міжнародных дакументаў. Паглыбляецца супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам і карупцыяй. Таксама ў СНД да 2025 года з'явіцца аб'яднаная сістэма паветрана-касмічнай абароны. Адным з асноўных дакументаў стала заява кіраўнікоў дзяржаў СНД аб падтрымцы інстытута сям'і. У ім гаворыцца, што захаванне традыцыйных каштоўнасцей - адзін з галоўных прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі. Тэкст заявы плануюць накіраваць у ААН, АБСЕ і іншыя міжнародныя арганізацыі.