Эканамічны рост і нармалізацыя адносін з ЕС. Прэзідэнт даў ацэнку місіі пасла Германіі ў Беларусі

13 мая 2019

Развіццё двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Германіі сёння абмяркоўвалі ў Палацы Незалежнасці.  Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з паслом гэтай краіны.  Петэр Дэтмар   завяршае сваю дыпламатычную місію. У апошнія гады  ў адносінах Мінска і Берліна прыкметная актывізацыя кантактаў,    асабліва на палітычным узроўні.  Наш Прэзідэнт станоўча  ацэньвае ўклад Германіі ў нармалізацыю адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам.  Мінулы год  стаў дзейсным для дзяржаў і ў эканоміцы: цікавасць нямецкага бізнесу да нашай краіны ўвесь час расце. Пацвярджае гэта і маючая адбыцца чарада  візітаў у Мінск  на ўзроўні дзелавых колаў  і міністэрстваў Германіі. Прыклады супрацоўніцтва,  а таксама дэталі сустрэчы - у Наталлі Брэвус.

Значная частка дыпламатычнай кар'еры цяперашняга пасла Германіі была звязана з Беларуссю. Ні ў адной з краін так доўга не працаваў. Увогуле  ён правёў у нас больш за  8 гадоў. Працаваў спачатку ў рангу саветніка, з'язджаў, вярнуўся і ўзначаліў пасольства. Але час няўмольны, місія падыходзіць да канца. А гэта добрая падстава акінуць поглядам двухбаковыя адносіны і паглядзець, што было зроблена. 

Задача любога пасла - зрабіць так, каб супрацоўніцтва краін стала больш інтэнсіўным. У апошнія гады ў адносінах афіцыйнага Мінска і Берліна прыкметная актывізацыя кантактаў, асабліва на палітычным узроўні. Канцлер Ангела  Меркель пабывала ў Мінску падчас нармандскіх перамоваў. Амаль год назад сустракалі Прэзідэнта Германіі, які прысутнічаў на ўрачыстасцях з нагоды адкрыцця  мемарыяла ў Трасцянцы. Тады ж Аляксандр Лукашэнка і Франк-Вальтар Штайнмаер правялі двухбаковыя перамовы ў Палацы Незалежнасці. Але наш Прэзідэнт не стамляецца паўтараць, што палітыка - гэта добра, але не варта забываць пра эканоміку. 

2018 год стаў паспяховым для Беларусі і Германіі. Усё склалася - уздым у эканамічных адносінах, прагрэс у палітычнай сферы. Хоць перыяды былі розныя. Але ўсё-такі  пасля таго, як у 2016 прагматычная Германія падтрымала рашэнні аб адмене большасці антыбеларускіх абмежавальных мер ЕС, размаўляць стала прасцей. 

А Аляксандр Лукашэнка ва ўласцівай яму манеры адкрытасці не стаў хавацца за дыпламатычнымі фармулёўкамі - перш так і выказваўся - давайце прыбіраць і нябачныя "эканамічныя платы", якія не дапамагаюць нашаму супрацоўніцтву. Мяркуючы  па лічбах гандлю,   у Еўропе яго пачулі. 

Высокатэхналагічная Германія - у пяцёрцы найважнейшых гандлёвых і інвестыцыйных партнёраў Беларусі. Агульны тавараабарот стабільна плюсуе апошнія некалькі  гадоў. Прыкметна павялічыліся інвестыцыі з гэтай краіны ў беларускую эканоміку. 

Сур'ёзныя кампаніі ствараюць у нас свае вытворчыя пляцоўкі, у тым ліку ў індустрыяльным парку "Вялікі камень".  Канцэрн "Дуйспорт",  напрыклад,  - лагістычны аператар найбуйнейшага рачнога порта Еўропы - дальнабачна не стаў цягнуць і ўвайшоў у склад акцыянераў кампаніі па развіцці парку. 

Але не толькі буйныя гульцы. Бо вялікая агульная справа складаецца з малога. Штэфан Хофман прыехаў у Беларусь сем гадоў таму пагасцяваць. Аднаго візіту хапіла, каб закахацца ў Мінск. У выніку сабраў усе свае рэчы і вырашыў, што ва ўпадабаны горад у госці больш не хоча - час пераязджаць. Што і зрабіў некалькі гадоў таму. Бо акрамя шчырых людзей і нацыянальнай кухні, якая прыйшлася даспадобы, тут як нідзе выгадна адкрываць сваю справу. Асабліва ў сферы ІТ. Яго невялікая кампанія па распрацоўцы сайтаў і дадаткаў пачала працаваць у снежні. 

Амаль сотню прадстаўніцтваў адкрылі ў нас нямецкія фірмы. У Беларусі зарэгістравана больш за 300 прадпрыемстваў з удзелам германскага капіталу - галоўным чынам у транспарце, АПК, гандлі і прамысловасці. 

Гэтая вытворчасць сухіх будматэрыялаў разгарнулася недалёка ад Заслаўя. Яскравы прыклад развіцця беларуска-германскага бізнесу. Працуюць тут беларусы, у Германіі адказваюць за інвестыцыі і пастаўкі. Першапачаткова былі нацэленыя толькі на імпартазамяшчэнне. Зараз працаваць пачалі і на экспарт. Сумеснае прадпрыемства дало працу больш як сотні чалавек. 

Сяргей Навіцкі, гендырэктар вытворчасці будаўнічай хіміі, старшыня таварыства сяброўства "Беларусь - Германія": "Беларусы і немцы блізкія ў ментальнасці, прывыклі да парадку, добра працуюць, і ёсць шмат агульнага паміж Беларуссю і Германіяй. Немцы апошні час надаюць шмат увагі нашым лагістычным магчымасцям, а менавіта Шаўковаму шляху, які праходзіць праз РБ. Я ведаю, што вельмі многа нямецкіх кампаній цікавіцца стварэннем прадпрыемстваў менавіта тут. Чаму? Таму што тут добрая рабочая сіла, кваліфікаваныя людзі і, няма чаго хаваць, пакуль нашы рэсурсы таннейшыя, чым у Германіі. Нам трэба гэтым скарыстацца. Нямецкі бок - добры партнёр, і там ёсць грошы".

Цікавасць германскага бізнесу толькі расце. Гэта зразумела і па чарадзе візітаў, якія прызначаныя на лета і восень. Беларусь плануюць наведаць зямельны міністр па пытаннях транспарту з Гамбурга, кіраўніцтва Федэральнага саюза малога і сярэдняга бізнесу. А таксама дзяржаўны сакратар Федэральнага міністэрства эканомікі і энергетыкі Германіі. Прызначаны перагаворны марафон і наведванне "Вялікага каменя".

Петэр Дэтмар, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі: "Пазітыўная дынаміка магла ўзнікнуць і ўзмацніцца толькі дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню, супрацоўніцтву з урадам Беларусі. Спадзяюся, у будучыні гэтая дынаміка будзе развівацца. Беларусь дагэтуль недастаткова прысутнічае ў свядомасці Еўропы, Еўрапейскага саюза і асобных краін ЕС, у тым ліку Германіі. Аднак стаўленне Германіі да Беларусі значна змянілася, і сутнасць гэтых перамен сфармуляваў Прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтар Штайнмаер падчас наведвання мемарыяльнага комплексу "Трасцянец". Ён сказаў, што надышоў час паглядзець на Рэспубліку Беларусь як суверэнную дзяржаву з уласным мінулым, сучаснасцю і будучыняй. Менавіта гэтым пасылам кіруецца ўрад і пасольства Германіі ў развіцці адносін з Беларуссю ў розных сферах".

А сам пасол, вяртаючыся на радзіму, забярэ з нашай краіны галоўнае - гэта сяброўскія кантакты, цяпло сотняў сустрэч і гасціннасць нашых людзей, менавіта гэта застанецца ў сэрцы.