Эканамічныя вынікі года ў СНД можна назваць паспяховымі

27 декабря 2017

Такую ацэнку напярэдадні даў Прэзідэнт Беларусі на нефармальным саміце Садружнасці ў падмаскоўным Нова-Агарове. Аляксандр Лукашэнка агучыў і шэраг актуальных пытанняў, як рэгіянальнага, так і сусветнага парадку дня. З падрабязнасцямі - наш карэспандэнт Вольга Макей.

Цэнтрам абмеркавання будучай інтэграцыі на постсавецкай прасторы напярэдадні стала падмаскоўнае Нова-Агарова. Рэзідэнцыя Уладзіміра Пуціна. Менавіта гэтае месца прэзідэнт Расіі, як старшыня СНД сёлета, выбраў для нефармальнага саміту. Нягледзячы на неафіцыйнасць сустрэчы, некаторыя традыцыі звыклых перамоў на вышэйшым узроўні ўсё ж захавалі. Напрыклад, цырымонію фатаграфавання.

Гэтым разам за круглым сталом - 9 прэзідэнтаў. Усяго ў СНД 11 краін. За што Садружнасць празвалі "Клубам 11-ці". Дарэчы, за час існавання аб'яднання, а гэта 26 гадоў, было праведзена 60 самітаў, з іх 15 - нефармальныя. Калі падлічыць, па выніках такіх сустрэч лідары падпісалі 835 дакументаў.

Учарашнія перамовы афіцыйнага парадку дня не меркавалі. Хутчэй, зверка гадзіннікаў па самых актуальных тэмах. Абмяркоўвалі і маючыя адбыцца выбары ў Расіі - Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што барацьба на іх не будзе вострай. Гаварылі і пра барацьбу ў спорце. Тэму допінгу беларускі лідар заклікаў не палітызаваць.

Абмяркоўвалі і пытанні эканомікі. З пачатку гэтага года тавараабарот паміж дзяржавамі аб'яднання вырас на чвэрць і склаў амаль 117 мільярдаў долараў. На 24 % павялічыўся і гандаль Садружнасці з трэцімі краінамі. У цэнтры ўвагі кіраўнікоў дзяржаў тэмы не толькі рэгіянальнага, але і сусветнага парадку дня. Аляксандр Лукашэнка выказаў салідарнасць з пазіцыяй Расіі па Сірыі і Іерусаліму.

На гэтай пераднавагодняй сустрэчы падвялі і вынікі расійскага старшынства.

З боем курантаў Масква свой статус дэлегуе Душанбэ. Так што наступны раз на саміт кіраўнікі дзяржаў адправяцца ўжо ў Таджыкістан.