Эфектыўнасць працы ў сельскай гаспадарцы абмеркавалі ў Прэзідэнта

20 сентября 2016

У Беларусі завяршаецца аграрны сезон. Яго вынікі, а таксама эфектыўнасць працы ў сельскай гаспадарцы ў цэлым сёння абмеркаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніцтвам аграсектара ва ўрадзе. Кіраўнік дзяржавы прыняў з дакладам віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага і Міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца. Прэзідэнта цікавіла, з якім вынікам спрацавалі аграрыі, якая забяспечанасць насельніцтва якаснымі прадуктамі. Варта адзначыць, што гэта гутарка папярэднічае вялікай нарадзе, на якой абмяркуюць стан спраў у сельскай гаспадарцы. Папярэднія вынікі - у Наталлі Брэвус.

Самае вялікае ў краіне сховішча для гародніны запоўнена ўжо амаль напалову. Камбінат "Усход" - адзін з буйных вытворцаў бульбы ў Гомельскай вобласці. Наогул у гаспадарцы замкнёны цыкл вытворчасці гародніны - ад вырошчвання да перапрацоўкі і продажу.

Прыбытак ад прадукцыі атрымліваюць круглы год. Для гэтага ў сваіх засеках захоўваюць асаблівы мікраклімат. У такім бульба, цыбуля, морква і капуста не проста перазімуюць, а захаваюць вітаміны амаль да наступнага лета.

Але гэта асобна ўзятая гаспадарка, а вось з якімі вынікамі прыходзіць уся Беларусь да фінішу сельскагаспадарчага сезона, Прэзідэнт цікавіцца ў кіраўніцтва агарнага блока ва ўрадзе. У Кіраўніка дзяржавы з дакладам віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы і міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц. Яны, вядома, гатовыя гаварыць аб глабальнай тэме рэфармавання АПК і павышэнні яго эфектыўнасці. Але Аляксандра Лукашэнку ў першую чаргу цікавяць рэчы, якія, як гаворыцца, бліжэй да людзей.

Усё можна купіць на кірмашах. Для фермераў і гаспадарак тут магчымасць прадаць свой тавар. Такія восеньскія закупы сталі для беларусаў добрай традыцыяй. 85% прадукцыі на рынку і ў магазінах вырашчана і выраблена ў нас.

За беларускія прадукты пакупнік сёння галасуе рублём. Попыт на родныя мяса і малочку сёлета расце. Зарабіць добрыя грошы разлічвае айчынны аграпрам і на экспарце.

Гэта зараз прыбытак ад экспарту харчавання ўспрымаецца як само сабой зразумелае. Бывала нават і больш - сёлетні год не лепшы і не самы паказальны для АПК. Летась ад продажу мяса і малака за мяжу атрымалі амаль 6 мільярдаў долараў. Беларусь стала трэцім у свеце экспарцёрам сметанковага масла пасля Новай Зеландыі і Еўрасаюза, абагнаўшы ў гэтым Аўстралію і ЗША. На нашу невялікую краіну прыпадае прыкладна 5% сусветнага гандлю малочнымі прадуктамі. Беларусь у пяцёрцы сусветных прадаўцоў сухой сыроваткі, сыру, тварагу, сухога абястлушчанага малака.

Усё гэта вынік карпатлівай працы за апошнія два дзесяцігоддзі на сяле. Патэнцыял зямлі вялізны. Гэта адчуваў беларускі Прэзідэнт яшчэ на пачатку сваёй палітычнай кар'еры. Таму і тады, і сёння так жорстка пытаецца Прэзідэнт з аграрыяў за тэхналогіі і дысцыпліну ў АПК. Вядома, надвор'е сёлета не радуе вяскоўцаў - то засушыць, то залье. У выніку і нацыянальны каравай сёлета будзе важыць не рэкордна, але прыстойныя 8 мільёнаў тон і нават крыху больш.

Дробязяў у АПК не бывае. Вось, напрыклад, добрая тэхналогія - захоўваць кармы ў плёнцы. Але прыжываецца марудна. Многія думаюць: чаго закупліваць тэхніку, бо нарыхтоўваць можна і па-даўнейшаму. А менавіта ад гэтага ў выніку залежыць якасць кармоў, а значыць і тое, ці будзе краіна з мясам і малаком.

Хапае ў аграсектары праблем. Амаль чвэрць гаспадарак працуе неэфектыўна. Улада гэта бачыць. Таму Прэзідэнт падпісаў указы, якія прадугледжваюць аздараўленне такіх сельгаспрадпрыемстваў. Размова аб перадачы актываў у арэнду або давернае кіраванне, або эфектыўнаму ўласніку, а таксама рэструктурызацыі дрэнных крэдытаў.

Новы ўраджайны год, як і школьны, у агракамбінаце "Паўднёвы" пачалі 1 верасня з сяўбы азімых. Пасяўная плошча - дзве тысячы гектараў. Асноўныя культуры - пшаніца і трыцікале. Два пасяўныя агрэгаты і ненармаваны рабочы дзень - сеяць пачынаюць раніцай і заканчваюць з наступленнем цемры. Плануюць паспець завяршыць усе работы да замаразкаў. Сучасныя тэхналогіі, энерганасычаная тэхніка, кадры - у гаспадарцы ёсць усё, каб у наступным годзе атрымаць добры ўраджай. Адзіны мінус - востры недахоп вільгаці ў глебе, з сярэдзіны жніўня тут не было дажджоў.

Не проста ўсходаў, а яшчэ большай аддачы чакаюць і ад сяла. Зроблена нямала, каб вывесці сельскую гаспадарку на прыстойны ўзровень. Вядома, адным махам вузел яшчэ наяўных праблем у АПК не рассячэш, але паслядоўна гатовыя разбірацца ў складаных пытаннях.

Гэта сустрэча ў Прэзідэнта - толькі папярэдні разбор палётаў. Кіраўнік дзяржавы анансаваў вялікую нараду, дзе абмяркуюць эфектыўнасць і стан спраў у беларускім аграсектары. Яна пройдзе ў лістападзе.