Эфектыўнасць працы спартыўнай галіны і праблемы развіцця летніх відаў спорту абмеркавалі на нарадзе з удзелам Прэзідэнта

18 декабря 2018

Эфектыўнасць працы спартыўнай галіны і праблемы развіцця летніх відаў спорту перад II Еўрапейскімі гульнямі. Пра гэта і не толькі сёння ішла размова на вялікай нарадзе з удзелам Кіраўніка дзяржавы ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.

Развіццё спорту заўсёды было і застаецца нязменным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. Галоўны паказчык у спорце найвышэйшых дасягненняў - гэта вынікі, а яны сёння не самыя лепшыя. Гэта ўжо сапраўды не тая аддача, улічваючы ўзровень фінансавай падтрымкі. Да паспяховых відаў можна аднесці тэніс, скачкі на батуце, барацьбу, радуюць і лёгкаатлеты. 13 медалёў беларусы заваявалі на Алімпіядзе ў Пекіне, у Лондане ў актыве нашых спартсменаў было 10 узнагарод, а ў Рыа-дэ-Жанэйра і таго менш - 9. Пры гэтым за апошнія 10 гадоў колькасць навучэнцаў у спецыялізаваных навучальна-спартыўных установах скарацілася на 6000 чалавек, а колькасць штатных трэнераў-выкладчыкаў пры гэтым павялічылася на 674 чалавекі. Гэта значыць, адбор атлетаў стаў больш якасным, як і іх падрыхтоўка. Але праблем яшчэ хапае. Патрабаванне Прэзідэнта нязменнае - павінен быць вынік, і толькі ў гэтым выпадку варта разлічваць на падтрымку. За 185 дзён да старту ІІ Еўрапейскіх гульняў Кіраўнік дзяржавы праводзіць рэвізію праблемных пытанняў у галіне.

Перад ІІ Еўрапейскімі гульнямі Кіраўнік дзяржавы даручыў вырашыць усе пытанні вакол гэтага мультыспартыўнага форуму: ад інфраструктуры да лагістыкі. Для Беларусі гэта праект іміджавы. Бо па якасці арганізацыі такіх маштабных форумаў судзяць у цэлым пра краіны. Не меней важны і спартыўны вынік. На дамашніх арэнах ад нашых атлетаў балельшчыкі чакаюць перамог! Усяго на Гульні ўлетку ў Беларусь прыедуць 4 000 спартсменаў, каля 2 000 трэнераў і афіцыйных членаў дэлегацый. Чакаецца і прысутнасць кіраўнікоў дзяржаў, прэм'ер-міністраў і іншых высокіх гасцей. Асвятляць спартыўную падзею будзе больш як тысяча журналістаў. Для маштабнай спартыўнай падзеі задзейнічаюць больш за дзясятак аб'ектаў. А стадыён "Дынама" стане асноўнай пляцоўкай, там пройдуць цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў.