Эфектыўнасць працы праваахоўнікаў павінна ацэньвацца па рэакцыі насельніцтва

11 февраля 2016

Такое патрабаванне сёння выказаў Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні калегіі Следчага камітэта, на якім прысутнічалі вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўніцтва ведамства, абласных упраўленняў, начальнікі раённых і гарадскіх аддзелаў Следчага камітэта. Яшчэ на пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пасяджэнне калегіі павінна насіць менавіта рабочы і дыскусійны характар. Перад людзьмі ў пагонах Прэзідэнт паставіў шэсць ключавых задач. Следчаму камітэту трэба больш актыўна супрацоўнічаць з органамі дазнання: перш за ўсё ўнутраных спраў і фінансавых расследаванняў. Асноўныя намаганні - на спыненне злачынстваў у сферы эканамічнай бяспекі і карупцыі. За такія парушэнні ніякіх паслабленняў. Гэта дакладная пазіцыя дзяржавы. Без увагі нельга пакідаць і пытанні прафілактыкі правапарушэнняў. Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш актыўна падключацца да аналітычнай дзейнасці і вылучэння заканадаўчых ініцыятыў. Следчаму камітэту варта звярнуць увагу і на ўкараненне ў практыку новых метадаў расследавання злачынстваў. Актуальным застаецца і пытанне аптымізацыі. А вось галоўная ацэнка эфектыўнасці працы следчых - гэта стаўленне насельніцтва.

За мінулы год Следчым камітэтам расследавана больш за 54 тысячы крымінальных спраў. Пры гэтым раскрывальнасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў набліжаецца да 100 працэнтаў. Па гэтым паказчыку Беларусь сярод еўрапейскіх лідараў.

А вось гучная крымінальная справа гэтага тыдня. 11 саўдзельнікаў кралі дызельнае паліва з магістральнага нафтаправода "Полацк-Вентспілс". Для злачыннай здабычы зламыснікі ўрэзалі ў нафтаправод шланг, які вёў да сховішча гаручага, схаванага пад гаспадарчай пабудовай у адной з вёсак Віцебскай вобласці. Арганізаваў злачынны бізнес 44-гадовы жыхар Браслава. Паводле аператыўнай інфармацыі, такая схема дзе йнічала з 2013 года.

Удзел Прэзідэнта ў выніковых калегіях сілавых ведамстваў ужо стаў практыкай. Нагадаем, два тыдні таму Аляксандр Лукашэнка ў такім фармаце меў зносіны з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў. Як і папярэдняя, цяперашняя рабочая дыскусія атрымалася адкрытай і дазволіла выявіць праблемы. На памяць аб сённяшняй сустрэчы і за пільную ўвагу да сферы падарунак Кіраўніку дзяржавы - ганаровы знак Следчага камітэта "За заслугі".