Да пачатку галоўнай палітычнай кампаніі года ў Беларусі засталося крыху больш за месяц

27 апреля 2016

Сёння на нарадзе ў Прэзідэнта па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу назвалі дату правядзення парламенцкіх выбараў - 11 верасня. Паводле слоў экспертаў, цяперашняя кампанія стане іспытам і для кандыдатаў, і для выбаршчыкаў. Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы: "Народнае волевыяўленне павінна прайсці ў абсалютна дэмакратычнай і спакойнай атмасферы пры найвысокім узроўні арганізацыі" Асаблівую ўвагу, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, трэба надаць фарміраванню выбарчых камісій. У іх склад павінны ўвайсці годныя прадстаўнікі працоўных калектываў, партый і грамадскіх аб'яднанняў. Аб палітычнай культуры грамадства і будучых перадвыбарных зменах - Андрэй Крывашэеў.

Дата - нядзеля, 11 верасня, прызнаная сёння Прэзідэнтам і Цэнтрвыбаркамам аптымальным тэрмінам правядзення парламенцкіх выбараў. Афіцыйна галоўная палітычная кампанія года стартуе 7 чэрвеня, да яе крыху больш за месяц. Галоўных інтрыг тры: улік рэкамендацый АБСЕ, актыўнасць палітычных суб'ектаў і, самае галоўнае, тое, аб чым Кіраўнік дзяржавы заявіў у Пасланні народу і парламенту - палітычная культура грамадства. Гэтыя выбары стануць сур'ёзным іспытам і для тых, каго выбіраюць, і выбаршчыкаў.

Узорнымі з пункту гледжання палітычнай культуры сенатар Ігар Марзалюк называе апошнія прэзідэнцкія выбары. Прафесар гісторыі ўпэўнена заяўляе, што ў суверэнным летапісе гэта лепшы ўзор карэктнасці і палітычнага такту, пакуль лепшы.

Ігар Марзалюк, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Карэктнасць, спакойнасць, стрыманасць апанентаў, крытыка, адсутнасць хамства, адсутнасць заклікаў да насілля, крыві і смерці. Беларусы дэманструюць высокую палітычную культуру. Гэта не значыць, што ў нас нейкая шэрая безаблічная біямаса людзей, якім усё роўна. Не. Ім далёка не ўсё роўна, але яны разумеюць, што крык, насілле, мардабой, здзекі і знявагі прыводзяць да эканамічнага калапсу, палітычнага калапсу і, як вынік, да падзення жыццёвага ўзроўню. Таму калі мы кажам пра палітычную культуру, можна канстатаваць, што сёння ёсць беларуская палітычная нацыя са сваімі палітычнымі інтарэсамі, з разуменнем важнасці захавання стабільнасці, а без гэтага няма палітычнай культуры. У нас палітычная культура ёсць. І тым, хто збіраецца чарговы раз у парламент, ці першы раз у парламент, прыйдзецца вельмі моцна папрацаваць, каб апраўдаць тую высокую планку, якая ёсць у нашым сучасным грамадстве".

Планку для ключавых арганізатараў выбараў ад мясцовай улады да Цэнтральнай камісіі сёння на нарадзе высока ўзнімае Кіраўнік дзяржавы. У сярэдзіне кастрычніка заканчваюцца паўнамоцтвы абедзвюх палат парламента. Адсюль аптымальная дата выбараў - 11 верасня. Часу на падрыхтоўку не так шмат, але вопыт папярэдніх кампаній дапаможа. Ён працуе як арганізацыйны зачын на маючую адбыцца кампанію.

Цэнтрвыбаркам традыцыйна мае намер запрасіць назіральнікаў СНД і АБСЕ, а таксама сваіх калегаў-прафесіяналаў. Усяго набярэцца 600 - 700 іншаземцаў. Плюс назіральнікі ўнутраныя, іх можа быць каля 30 тысяч. Іх справаздачы заўсёды становяцца базай удасканалення прававых рамак і самой практыкі. Галоўных крытэрыяў два: не ламаць прававую базу і праводзіць выбары для ўласнага народа.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама ўжо па выніках нарады ўдакладняе: "Да выбараў удасканальваць будуць не літару, а практыку закона, па трох кірунках.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Улічваючы рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ ўдасканальваць тры працэдуры: пры фарміраванні выбарчых камісій, новая празрыстасць пры разборы спрэчак і пры падліку галасоў. Усе пажаданні будуць улічаныя падчас гэтай кампаніі. Пасля выбараў працягнецца рэфармаванне закона".

Галоўнымі дзеючымі асобамі на выбарах стануць прэтэндэнты, а пасля рэгістрацыі кандыдаты ў дэпутаты новага складу парламента. Гэта ад іх актыўнасці, кампетэнцыі і палітычнай культуры ў першую чаргу залежыць ход перадвыбарнай кампаніі. Па першых заявах выбары абяцаюць быць канкурэнтнымі, але спакойнымі. Па-першае, "сапраўдных буйных" з кожным новым палітычным цыклам у Беларусі ўсё менш, па-другое, запыт на канструктыўнасць, узважнасць і прагматызм ужо сфарміраваны ў грамадстве. І ў дзень выбараў яго проста падмацуюць народным волевыяўленнем.