Дыпламаты 12 краін уручылі даверчыя граматы Кіраўніку беларускай дзяржавы

21 апреля 2013

Гэта строгая  цырымонія завяршылася цёплай нефармальнай гутаркай. Звяртаючыся да паслоў,  Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь разлічвае на нармалізацыю беларуска-еўрапейскіх адносін і  выступае за развіццё партнёрства з краінамі Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Блізкага Усходу. Так, дыпмісію Літвы ў нашай краіне ўзначаліў   Эвалдас Ігнатавічус.  У другой палове 2013 года гэтая дзяржава старшынствуе ў Еўрасаюзе. А ў Беларусі з Літвой шмат сумесных інтарэсаў, у прыватнасці, у галіне бяспекі, гандлю і прамысловай кааперацыі. На думку беларускага лідара, неабходна разам выкарыстоўваць і прымнажаць транспартна-лагістычны патэнцыял. І наша краіна гатовая зрабіць беларуска-літоўскія адносіны ўзорам сапраўднага добрасуседства.


 Эвалдас Ігнатавічус,  Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол  Літвы ў Беларусі: Я вельмі рады, што  Прэзідэнт на гэтай цырымоніі Літву назваў першым нумарам, што вельмі шмат увагі ўдзяліў нашаму  супрацоўніцтву. І тое, што ён згадаў будучае старшынства Літвы ў ЕС і магчымасць інтэнсіфікацыі дыялогу, я думаю, пастаўленыя добрыя кропкі, над якімі мы зараз працуем.


 Даверчыя граматы Прэзідэнту Беларусі ўручылі  таксама паслы Анголы, Гватэмалы, Гвінеі-Бісау, Ірана, Кот-д'Івуара, Лаоса, Мексікі, Нігерыі, Перу, Філіпін і Чылі.  Звяртаючыся да замежных дыпламатаў, Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што адносіны Беларусі з дзяржавамі, якія яны прадстаўляюць, стануць добрым прыкладам сяброўства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.