Дзень вялікай палітыкі ў Кітаі

29 сентября 2016

Сёння Кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Вынікам афіцыйных перамоў стала падпісанне сумеснай дэкларацыі, дзе адлюстраваны якасна новы ўзровень беларуска-кітайскага партнёрства. Асаблівае значэнне перамовам надае і статус візіту - дзяржаўны. Таксама ў Пекіне Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг сустрэч з кіраўніцтвам Кітайскай Народнай Рэспублікі. Ключавой тэмай стала эканоміка. Усебаковае стратэгічнае партнёрства становіцца ўсё больш трывалым. З года ў год беларуска-кітайскія эканамічныя сувязі пашыраюцца па ўсіх кірунках. Пацвярджэнне таму - дзясяткі маштабных сумесных праектаў. Цяперашнія дамоўленасці, перакананы бакі, і зусім адкрыюць новую старонку ў адносінах - рэалізацыю поўнамаштабных інвестпраектаў. Зрэшты, палітычныя і эканамічныя сувязі ўмацоўваюцца і адкрыта дружалюбным характарам адносін лідараў дзвюх краін. Сёння ордэнам "За ўмацаванне міру і сяброўства" Прэзідэнт Беларусі ўзнагародзіў Старшыню КНР. Падрабязна пра вынікі насычанага перагаворнага дня - з Пекіна Вольга Макей.

Дзясяткі небаскробаў, аўтамабільныя заторы і офісная нерухомасць - адна з самых дарагіх у свеце. Літаральна за адно пакаленне з адносна небагатай краіны Кітай ператварыўся ў наймацнейшага эканамічнага гульца на планеце. Краіна назапасіла найбуйнейшыя золатавалютныя рэзервы, смела спаборнічае са Злучанымі Штатамі Амерыкі па памеры ВУП, а прыбыткі на душу насельніцтва за 10 гадоў выраслі ў 6 разоў. І нават нягледзячы на даклады ў СМІ аб падзенні тэмпаў, у Пекіна мэта адна - толькі эканамічны рост.

Паднябесная пераймае вопыт і гатовая дзяліцца сваім. І тут ніяк не абысціся без надзейных партнёраў, сярод якіх і Беларусь. Ад таннай рабочай сілы Кітай ступіў да высокіх тэхналогій, умелай лагістыкі і лакалізацыі вытворчасцяў, інвестуючы ў экспартна арыентаваныя галіны, павышаючы ўласны тэхналагічны патэнцыял і адкрываючы шлях прыватным інвестыцыям.

Кітайскія тавары ведаюць і выкарыстоўваюць ва ўсім свеце. І сёння надпіс "made in China" ўжо не носіць як раней негатыўны падтэкст, а становіцца сімвалам высокатэхналагічных рэчаў. Узяць, напрыклад, смартфоны. Кітайскі Huawei ўжо цясніць амерыканскі Apple або карэйскі Samsung. Трэцяе месца па продажах у свеце - гэта пакуль. Кампанія нумар 1 у Кітаі штогод інвестуе больш за 10 % прыбытку ў навуковыя распрацоўкі. А галоўны прынцып працы за мяжой - прафесіяналізм мясцовых спецыялістаў, умовы вядзення бізнесу і перавагі рэгіёна. На беларускім рынку Huawei ўжо 15 гадоў.

Эмі Лін, віцэ-прэзідэнт кампаніі Huawei: "У Беларусі вельмі высакакласныя праграмісты. Мы будзем укладваць інвестыцыі на высокатэхналагічныя распрацоўкі і даследаванні. Мы з Кітайска-Беларускім тэхнапаркам склалі пагадненне. І ў далейшым, у будучыні, мы плануем укладваць больш за 5 мільёнаў долараў ЗША ў дадзены парк".

Карпарацыя-гігант - адна з першых рэзідэнтаў парка "Вялікі Камень" - самага сур'ёзнага і значнага праекта ў адносінах Мінска і Пекіна. Гэтыя кадры ўжо сталі гістарычнымі ва ўсіх сэнсах. Адкрыты новы індустрыяльны вузел Еўропы - платформа новага "Шаўковага шляху". І Старшыня КНР у Беларусі тады з першым за паўтара дзесяцігоддзя дзяржаўным візітам.

Да сённяшняга дня формула адносін з Паднябеснай гучала як усебаковае стратэгічнае партнёрства. Да такіх адносін Мінск і Пекін ішлі два з паловай дзесяцігоддзі, збліжаючыся дзякуючы мноству сустрэч на вышэйшым узроўні. Калі ў 95-м з Кітаем мы проста гандлявалі, у 2001-м - ужо ўзровень прыярытэтнага эканамічнага партнёра, у 2005-м - стратэгічнага, у 2013-м статус пашырыўся да ўсебаковага стратэгічнага партнёрства.

Летась, і гэта ўпершыню ў гісторыі, выходзіць 5-я дырэктыва Прэзідэнта, прысвечаная двухбаковым адносінам з Кітаем. У ёй выразна па пунктах усё: ад інтэграцыі галін і прадпрыемстваў да рэгіянальнага супрацоўніцтва. Сёння Мінск і Пекін звязваюць дзясяткі інвестпраектаў - а гэта тысячы новых працоўных месцаў, уласны легкавы аўтапрам, у фінансах - льготныя і камфортныя крэдыты. Толькі за гэты год сумесна з Кітаем Беларусь запусціла свой першы спадарожнік сувязі, у Магілёве з'явілася вытворчасць унікальных аўтакранаў-шматтоннікаў, з Паднябеснай прыбыў першы цягнік з будматэрыяламі для "Вялікага каменя" і шматлікае іншае. Словам, гэты плён узаемадзеяння на вышэйшым узроўні сёння можна "пакратаць" у любых сферах.

У цяперашняга візіту Прэзідэнта Беларусі самы значны статус - дзяржаўны візіт. На мове вялікай палітыкі - гэта найвышэйшы ўзровень. Зрэшты, стаўленне да афіцыйнага Мінска ў афіцыйным Пекіне прыкметна простым вокам. Цяньаньмэнь. Адна з самых вялікіх плошчаў у свеце памерам у 60 футбольных палёў і самая значная ў Кітаі ў гэтыя дні ў чырвона-зялёных тонах. Тут жа і Дом народных сходаў - гэта месца канцэнтрацыі палітычнага жыцця краіны. Насычаны перагаворны дзень Аляксандр Лукашэнка пачынае са сустрэчы са старшынёй Усекітайскага камітэта народнага палітычнага кансультатыўнага савета. У дзяржуладкаванні Кітая гэта дарадчы орган. І стратэгічныя рашэнні ў краіне прымаюць па рэкамендацыях гэтай своеасаблівай групы мудрацоў, сярод якіх палітычныя дзеячы, грамадская эліта, эксперты і навукоўцы. У асобе Беларусі Кітай можа бачыць надзейнага партнёра, запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Юй Чжэншэн, старшыня Усекітайскага камітэта народнага палітычнага кансультатыўнага савета: "Спадар Прэзідэнт, я вельмі рады Вас ізноў бачыць у Кітаі. Вы ўносіце вялікі пазітыўны ўклад ва ўмацаванне супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Кітайскі бок разглядае Вас у якасці блізкага сябра, і мы гатовыя прыкладаць дадатковыя намаганні па развіцці двухбаковага ўзаемадзеяння. Ваш візіт абавязкова надасць магутны імпульс для далейшага пашырэння нашага супрацоўніцтва".

У двухбаковых адносінах важнае месца займае і парламенцкае супрацоўніцтва. У Паднябеснай заканадаўчую ўладу прадстаўляе аднапалатны Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў. У яго складзе амаль тры тысячы чалавек. Са старшынёй камітэта Чжан Дэцзянам Аляксандр Лукашэнка абмяркоўвае адносіны дзвюх краін, якія Беларусь з Кітаем наладжвае на падмурку ўзаемнага даверу.

Чжан Дэцзян, старшыня Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў КНР: "Вы прыкладаеце вялікія намаганні і ўносіце вялізны ўклад у пашырэнне кітайска-беларускіх адносін. Кітайскі бок разглядае Вас у якасці блізкага сябра, і мы гатовыя прыкладаць агульныя намаганні па далейшым устойлівым развіцці двухбаковага супрацоўніцтва".

Тым часам ля Дома народных сходаў апошнія падрыхтоўкі да афіцыйнай цырымоніі. Роту ганаровай варты выстройваюць літаральна па струнцы. Сам Дом народных сходаў умоўна падзелены на 4 часткі - як чатыры бакі свету. Ля ўсходняга ганка Сі Цзіньпін вітае самых ганаровых гасцей.

Да месца сустрэчы Аляксандр Лукашэнка прыязджае на кітайскім аўтамабілі "хунці" ў перакладзе - "чырвоны сцяг".

Гэта рэдкі лімузін абмежаванай серыі, распрацаваны выключна для VIP-персон. Дарэчы, два аўто гэтай маркі ёсць і ў беларускай арміі, машыны ўдзельнічалі ў парадзе ў гонар 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай.

Тое, што ў Пекіна да Мінска стаўленне адмысловае - пацвярджае і цырымонія сустрэчы. Аляксандра Лукашэнку прывітаюць як самага ганаровага госця. Беларускі гімн суправаджае 21 артылерыйскі залп.

Сімвалічна, лідараў вітаюць і дзеці. Верагодна, менавіта ім ствараць будучыню Кітая, працягваць развіццё адносін з Беларуссю. А пакуль перспектывы дзвюх краін абмяркоўваюць палітыкі. І хоць асноўная частка сустрэчы, як гэта прынята, без прэсы, у кулуарах адзначаюць яе беспрэцэндэнтную адкрытасць. Закрытых тэм у Мінска і Пекіна няма - гэты тэзіс гучаў ужо не раз. Пацвярджаюць яго палітыкі і сёння.

Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае сваё бачанне, якімі будуць адносіны Мінска і Пекіна ў перспектыве. Па-першае, пераход на новы ўзровень партнёрства і ў палітыцы, і ў эканоміцы. Ад крэдытавання да прамога інвеставання. А кантроль за якасцю інвестпраектаў варта ўзмацніць. Каб рэалізаваць увесь масіў супрацоўніцтва, Прэзідэнт Беларусі прапаноўвае сустракацца часцей. А гандлёвы Шаўковы шлях, на думку Аляксандра Лукашэнкі, павінен стаць дарогай з больш інтэнсіўным двухбаковым рухам.

Напоўніць гэты візіт пэўнымі дамоўленасцямі зацікаўленыя абодва бакі. Беларуская дэлегацыя з кітайскімі партнёрамі правяла дзясяткі сустрэч. Іх вынік - у 27 міжнародных дакументах. Галоўны з іх - сумесную дэкларацыю - падпісваюць Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін. З сённяшняга дня Мінск і Пекін выходзяць на новы ўзровень: адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Як будуць наладжваць узаемадзеянне - падрабязна ў 19 пунктах дакумента.

За няпростай дыпламатычнай фармулёўкай - не толькі новая прыступка ў партнёрстве. Да гэтага моманту адносіны Мінска і Пекіна насілі статус усебаковага стратэгічнага партнёрства. Такі ў супрацоўніцтве з Кітаем маюць толькі два дзясяткі дзяржаў. Пагодзьцеся, узровень сур'ёзны. Але толькі некалькі краін лічаць найбліжэйшымі партнёрамі Кітая. Эксперты адносяць да іх ліку Расію, Пакістан і Вялікабрытанію. Зараз такі адмысловы ўзровень і ў беларуска-кітайскіх адносінах.

Міхаіл Кавалёў, дэкан эканамічнага факультэта БДУ: "Мы пачалі будаваць сумесныя высокатэхналагічныя лабараторыі, інстытуты. І перакананыя, што гэты візіт пакладзе пачатак новаму сумеснаму будаўніцтву эканомікі ведаў паміж Беларуссю і Кітаем. У гіганцкага Кітая шмат стратэгічных партнёраў. Дамовы падпісаныя з 24 краінамі. Але галоўным стратэгічным партнёрам - такіх толькі чатыры - нараўне з Вялікабрытаніяй і Беларусь".

Агульныя інтарэсы сёння аформілі ў эканоміцы і фінансах. Сярод найбуйнейшых дамоўленасцяў - стварэнне інвестфонду і крэдытная лінія для тых, хто жадае развіваць бізнес у Беларусі. Цікавасць ужо ёсць да сфер машынабудавання, медыцыны і харчавання.

Калі да гэтага моманту ў эканоміцы пераважала крэдытнае супрацоўніцтва, зараз Пекін і Мінск пераходзяць да прамых інвестыцый. Прасцей гаворачы, бізнесу - зялёнае святло. Паднябеснай цікава ўкладваць грошы ў развіццё тэхналогій, ствараць сумесныя прадпрыемствы. Такія з'явяцца ў БелАЗа з карпарацыяй "Сянцзян". Дарожную карту супрацоўніцтва па стварэнні сумеснай тэхнікі падпісаў Мінпрам з кампаніямі "Зумліён" і "Вейчай". Дзякуючы апошняму ў індустрыяльным парку "Вялікі камень" пачнуць выпускаць дызельныя рухавікі.

Харчаванне. У гэтай сферы таксама шэраг важкіх кантрактаў. Частку з іх падпісалі яшчэ падчас выставы "Экспа Кітай - Еўразія" ва Урумчы. З 1 верасня 34 беларускія малочныя кампаніі атрымалі доступ на ёмісты рынак Паднябеснай. Тут не толькі прызналі якасць беларускай прадукцыі, але рассмакавалі яе і папрасілі дабаўкі. І вось свежы мемарандум - доступ на прылаўкі Кітая атрымае і беларуская ялавічына.

Сёння вырашана адкрыць яшчэ адно генконсульства Беларусі. Да ўжо існуючага ў Шанхаі дадасца дыппрадстаўніцтва ў Гуанчжоў. Гэта трэці па велічыні горад Кітая, а правінцыя Гуандун самая эканамічна развітая. Па ВУП яна не проста пераўзыходзіць іншыя рэгіёны, але і цэлыя дзяржавы. За мінулы год правінцыя Гуандун абагнала па гэтым паказчыку Расію, Інданэзію, Нідэрланды і іншыя краіны

Дарэчы, на рэгіянальнае супрацоўніцтва палітыкі робяць вялікую стаўку. Гэты патэнцыял трэба выкарыстаць, таму ў кітайскіх правінцыях таксама павінны быць прадстаўленыя магчымасці Беларусі.

Паміж Мінскам і Пекінам беспрэцэдэнтна высокі ўзровень адносін. На гэтым сёння зрабіў акцэнт і Сі Цзіньпін. Тым не менш, шматлікае яшчэ трэба будзе зрабіць. Галоўнае, што паміж краінамі даверныя адносіны, такое партнёра Кітай асабліва цэніць.

У сённяшніх сустрэч яшчэ адзін знакавы момант. Прэзідэнт Беларусі ўзнагароджвае Старшыню КНР ордэнам "За ўмацаванне міру і дружбы". Гэта абсалютна новая дзяржузнагарода, і сімвалічна, што яе першым уладальнікам стаў лідар Кітая.

На заўтра ў графіку дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Беларусі яшчэ адна важная сустрэча - з прэм'ерам Дзяржсавета КНР Лі Кэцянам. Пасля Аляксандра Лукашэнку чакаюць студэнты Пекінскага ўніверсітэта, дзе беларускі лідар выступіць з лекцыяй.