Дзелавая рызыка павінна быць апраўданая

14 августа 2013
Прэзідэнт Беларусі лічыць важным прыняць меры, накіраваныя на разняволенне дзелавой ініцыятывы ва ўмовах прадпрымальніцкай рызыкі. Пра гэта Кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе, дзе разглядаліся пытанні ўдасканалення крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Адпаведны законапраект ужо падрыхтаваны па даручэнні Прэзідэнта. У бок змякчэння прапаноўваецца адкарэкціраваць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса, аптымізаваць тэрміны пакаранняў, увесці альтэрнатыўныя віды адказнасці. Але рашэнне аб замацаванні такіх нормаў, на думку Кіраўніка дзяржавы, павінна быць максімальна ўзважаным.

Як было адзначана на нарадзе, навацыі ў крымінальным і крымінальна-працэсуальным заканадаўстве дазволяць суду больш гібка падыходзіць да вызначэння санкцый. Аднак у юрыдычных колах пакуль няма адзінага меркавання па некаторых прапановах, таму прынята рашэнне дакумент дапрацаваць. Спрэчныя моманты прапанавана абмеркаваць дэпутатам парламента з экспертамі - юрыстамі.