Дар'я Домрачава падзялілася з Аляксандрам Лукашэнкам уражаннямі ад перамогі

12 февраля 2014

Адным з першых нашу алімпійскую чэмпіёнку павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. Адразу пасля традыцыйнай кветкавай цырымоніі Аляксандр Лукашэнка разам з балельшчыкамі пагутарыў з Дашай. Сустрэча ў доме Кіраўніка дзяржавы атрымалася вельмі душэўнай - чаяванне, віншаванні. Эмоцыямі і ўражаннямі ад перамогі з беларускім лідарам падзялілася спартсменка, дзякуючы якой пра Беларусь зараз гаворыць увесь свет. Дарэчы, перамогу Дашы святкавала ўся Красная Паляна - беларускія балельшчыкі, якія не трапілі на стадыён, выходзілі на вуліцу, віншавалі адно аднаго, дзяліліся эмоцыямі і радаваліся як адна вялікая сям'я.


Расказвае Сяргей Гусачэнка. Гэтыя кадры яшчэ не раз пакажуць сусветныя тэлеканалы. Трыумфальны фініш беларускай біятланісткі авацыяй сустракае алімпійскі стадыён у Сочы.


Гістарычную перамогу Дар'і Домрачавай трыбуны вітаюць радаснымі воклічамі і гучнымі апладысментамі. Жывая і шчырая рэакцыя балельшчыкаў розных краін і розных кантынентаў, упэўненая перамога прымы беларускага біятлона - свята для аматараў спорту з усяго свету. Падчас кветкавай цырымоніі на п'едэстал Домрачава паднімаецца пад дружнае Даша, Даша!


Алімпійская чэмпіёнка не ўтойвае эмоцый. 19 дакладных выстралаў і перамога, што называецца, з відавочнай перавагай: нарвежка Тура Бергер засталася ззаду больш чым на паўхвіліны. Балельшчыкі актыўна падтрымлівалі Домрачаву на працягу ўсёй дыстанцыі. Майстэрства, характар, зацятасць і вытанчанасць, з якімі беларуская біятланістка ўпэўнена ішла да перамогі, нікога не пакінулі абыякавым.


Кулакі за Дар'ю трымалі і тыя, хто сачыў за гонкай па тэлевізары ў сочынскай Краснай Паляне і санаторыі Беларусь. Пасля феерычнай перамогі беларускія балельшчыкі выйшлі на вуліцу: віншавалі адно аднаго, дзяліліся эмоцыямі і радаваліся як адна вялікая сям'я.


Адным з першых нашу алімпійскую чэмпіёнку павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У доме Кіраўніка дзяржавы сабраліся балельшчыкі, члены беларускай каманды, сюды ж неўзабаве пасля кветкавай цырымоніі прыбыла і трыумфатар гонкі - уладальніца алімпійскага золата Дар'я Домрачава.


Сардэчная сустрэча і цёплы прыём. Малодшы сын Прэзідэнта Мікалай падносіць спартсменцы букет кветак. Затым Дар'ю падхопліваюць на рукі і доўга падкідваюць у паветра.


Аляксандр Лукашэнка разам з балельшчыкамі віншуе Дар'ю са знамянальным дасягненнем - падзея для беларускага спорту без сумнення эпахальная. Сустрэча ў доме Кіраўніка дзяржавы атрымалася вельмі душэўнай - віншаванні, эмоцыі, шмат усмешак. Уражаннямі ад перамогі з беларускім лідарам падзялілася і сама спартсменка, дзякуючы якой пра Беларусь зараз гаворыць увесь свет.


Святкаванне і віншаванні прадоўжыліся за сумесным чаяваннем. Гучалі тосты і пажаданні будучых перамог, бо Алімпіяда ў самым разгары, і наперадзе ў Дашы яшчэ некалькі адказных стартаў.


Гэтай ноччу заснуць удалося не адразу не толькі ўсяму алімпійскаму Сочы. Дашу добра ведаюць як у Беларусі, так і далёка за межамі нашай краіны. Калегі, сябры, родныя і блізкія і проста адданыя балельшчыкі сёння засыпалі Дашу віншаваннямі: як падзяка за алімпійскі трыумф і ў надзеі на новыя п'едэсталы.