Cістэму ўезду замежнікаў у Беларусь сёння абмяркоўвалі на нарадзе па лібералізацыі візавага рэжыму

11 января 2018

Як вытрымаць канкурэнцыю на глабальным рынку міжнароднага турызму? Аптымальную сістэму ўезду замежнікаў на тэрыторыю нашай краіны сёння абмяркоўвалі на нарадзе па лібералізацыі візавага рэжыму.

Турыстычная галіна ў Беларусі развіваецца вельмі дынамічна. Гэтаму паспрыялі заканадаўчыя ініцыятывы, якія значна спрасцілі ўезд для грамадзян вялікай колькасці краін. У прыватнасці, бязвізавы ўезд на 10 дзён прадугледжаны для гасцей некаторых паркаў, прыродных зон і цэлых прымежных раёнаў. Таксама турысты з 80 дзяржаў вольна могуць прыляцець у Беларусь на 5 дзён праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. Летась гэтай магчымасцю скарысталіся амаль 80 000 чалавек.

У той жа час варта трымаць на кантролі і пытанні бяспекі. Пра гэта асобна нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Міграцыйная палітыка Еўрасаюза пачынае даваць сумны плён: адсутнасць рэальнага кантролю за перамяшчэннем бежанцаў прывяла да росту тэрарыстычнай пагрозы ў рэгіёне. Таму ўсе аспекты спрашчэння візавага рэжыму варта абмяркоўваць і з улікам сусветных фактараў, і з улікам меркавання партнёраў па Саюзнай дзяржаве.

Беларускае знешнепалітычнае ведамства разлічвае ў наступным годзе вырашыць пытанне аб узаемным прызнанні віз з Расіяй. Міністр замежных спраў распавёў журналістам, што такія перамовы ўжо вядуцца. Пры гэтым Уладзімір Макей падкрэсліў, што прэтэнзіі да Беларусі ў пытанні бяспекі цалкам штучныя і безгрунтоўныя.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Мы не ствараем праблем з пункта погляду бяспекі для нашых расійскіх партнёраў. Больш за тое, за апошнія чатыры гады больш як 230 чалавек былі вернутыя ў Расію ў рамках пагаднення аб рэадмісіі, гэта значыць яны патрапілі з тэрыторыі Расіі на нашу тэрыторыю, спрабавалі патрапіць далей у краіны ЕС, але былі затрыманыя, спыненыя і вернутыя на законных падставах у Расійскую Федэрацыю. Нам Расія вярнула толькі аднаго грамадзяніна".

У сваю чаргу ўрад зрабіў прапановы па лібералізацыі ў цэлым. Сярод іх павялічыць тэрмін знаходжання замежнікаў пры бязвізавым уездзе праз Нацыянальны аэрапорт да 10 сутак. Таксама абмяркоўваецца магчымасць месячнага бязвізавага знаходжання гасцей ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Аналагічны падыход практыкавалі падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску, калі візай быў білет на спаборніцтвы.