Чысціня і празрыстасць у спорце - прынцыповая пазіцыя Беларусі

24 июля 2018

Беларусь - за чысціню і празрыстасць у спорце. Такую прынцыповую пазіцыю выказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з генеральным сакратаром Міжнароднай федэрацыі баскетбола Патрыкам Баўманам.

На думку беларускага лідара, нельга ператвараць спорт у частку бруднай палітыкі. Прэзідэнт краіны і як кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта выказаў сваю пазіцыю па актуальных пытаннях развіцця сусветнага спорту. А таксама чарговы раз пазначыў прэтэнзіі да МАК: структура не проста бюракратычная, яна часам безадказная.

Генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі баскетбола падтрымаў пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі наконт развіцця спорту ў цэлым. А таксама выказаў падзяку беларускаму боку за годную арганізацыю чэмпіянату свету па баскетболе сярод дзяўчат да 17 гадоў, які праходзіць у Мінску. Паводле слоў Баўмана, спаборніцтвы праводзяцца на вельмі высокім узроўні, і іх ужо можна назваць паспяховымі.

Патрык Баўман, генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі баскетбола:

"Я сапраўды ўражаны і магу сказаць, што ўсе каманды таксама знаходзяцца пад вялікім уражаннем. Умовы выдатныя, ім усё падабаецца. Мы ацанілі ўсе спартыўныя будынкі. І незалежна ад таго, калі яны былі пабудаваныя, яны ў выдатным стане. Мінулы раз я быў у Мінску 20 гадоў таму, і мне вельмі радасна бачыць тое, як у лепшы бок змяніўся горад. Мы можам сказаць, што ў Беларусі ёсць усе шанцы на правядзенне больш буйных і маштабных мерапрыемстваў. Выдатная інфраструктура, федэрацыя, людзі, якія ведаюць, што і як рабіць. Таму мы будзем толькі радыя, калі Беларусь будзе падаваць заяўкі на правядзенне больш буйных турніраў".

У чэмпіянаце свету сярод дзяўчат да 17 гадоў удзельнічаюць 16 наймацнейшых каманд. Зборная Беларусі атрымала права выступіць як прадстаўнік краіны-арганізатара. На планетарным першынстве ФІБА ўпершыню паказала новы кубак, які можна ўбачыць у Палацы спорту. А Беларуская федэрацыя баскетбола распрацавала ўнікальныя медалі чэмпіянату.