Будучыню дражджавой галіны абмяркоўвалі на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы

15 Лістапада 2019
Загалоўнай тэмай нарады ў Прэзідэнта сёння, на першы погляд, значылася зусім звычайная фармулёўка. Калі каротка: будучыня дражджавой галіны краіны. Здавалася б, якія тут могуць быць падводныя камяні? Паказчыкі ў цэлым радуюць: вырабляем з лішкам, у 4 разы больш, чым трэба ўнутранаму рынку. Таму стаўка на экспарт - адкрываем новыя рынкі збыту, у тым ліку Еўрасаюза. Ды і самі вытворчасці растуць як на дражджах. У краіне працуюць некалькі прадпрыемстваў: найстарэйшае - мінскі дражджавы і яго філіял у Ашмянах, а яшчэ маладое - трэці год як адкрыты завод у Слуцку, дзе частку сродкаў уклаў нямецкі інвестар. Але, як аказалася, не ўсё гладка. Інвестар патрабуе выканання нібыта дадзеных яму раней абяцанняў. Паводле слоў немцаў, папярэдні ўгавор быў такім: пасля запуску слуцкага прадпрыемства мінскі дражджавы і яго філіял закрыюць. Дамову прааналізавалі ў Адміністрацыі Прэзідэнта і такіх абяцанняў на паперы не зафіксавана. Пытанне даўно павінны былі вырашыць ва ўрадзе, і ўсё ж давялося вынесці на прэзідэнцкі ўзровень. Бо некаторыя ўжо нават пагаворваюць, што гэтая сітуацыя нібыта папсуе рэпутацыю беларуска-нямецкім адносінам. Як вырашыцца пытанне? Падрабязнасці даведаемся ў Ілоны Красуцкай. 

Абяцанага тры гады чакаюць. Як ні парадаксальна, але менавіта столькі спадзяецца нямецкі інвестар, які ўклаў 10 мільёнаў еўра ў дражджавы завод у Слуцку, што ўсе астатнія профільныя ў краіне закрыюць. Маўляў, хтосьці паабяцаў яшчэ да інвестыцый. Але калі паглядзець на сітуацыю з розумам. На прадпрыемствах працуюць больш за 200 чалавек (на мінскім дражджавым і яго філіяле ў Ашмянах). Куды іх, проста на вуліцу? Напэўна, канфлікт рос як на дражджах, што нават давялося ўмяшацца Прэзідэнту. Такую выснову зрабілі самі журналісты, калі ў Слуцку напярэдадні з ахвотай згадзіліся даць каментарыі, а вось на мінскім прадпрыемстве гучала катэгарычная адмова. Можна зразумець людзей: калі лёс прадпрыемства (асабліва па чутках) у падвешаным стане, лепш дачакацца афіцыйнага рашэння. Ды і ў тым, што пытанне сур'ёзнае, гаворыць  склад удзельнікаў сённяшняй нарады. Запрасілі ўсіх: урад, КДК, памочнікаў Прэзідэнта, Белдзяржхарчпрам, дырэктарат мінскага дражджавога і слуцкага прадпрыемства. 

Дамоўленасці мінулых гадоў бакі інтэрпрэтуюць па-рознаму. А ацэнку юрыстаў пакуль не падалі. Асноўнае патрабаванне Прэзідэнта: стварыць роўныя ўмовы для працы двух прадпрыемстваў. Рэзка закрыць мінскае -  дакладна не выхад. Гэта супярэчыць нашый сацыяльна арыентаванай палітыцы. І немцы павінны нас зразумець. Кіраўнік дзяржавы не ўтойваў, што дакладнага рашэння, як паступіць, пакуль няма. Усе ўдзельнікі дыскусіі прапаноўвалі розныя варыянты. Адны -  аб'яднаць прадпрыемствы, другія -   перапрафіляваць мінскі камбінат, трэція - і зусім яго закрыць. Трэба прыняць узважанае рашэнне. Менавіта таму Кіраўнік дзяржавы даручыў мэру Мінска і губернатару Гродзенскай вобласці прыняць яго разам, зыходзячы з дзяржаўных інтарэсаў, і падаць вынік Прэзідэнту. Галоўны крытэрый -  як лепш для краіны і людзей. Яшчэ адна задача ад Аляксандра Лукашэнкі ўжо абодвум прадпрыемствам ды яшчэ ва ўмовах канкурэнцыі, што склалася,  - больш актыўна думаць пра экспарт, шукаць рынкі паўсюль.

Слуцкае за некалькі гадоў нарасціла свае магутнасці, зараз яны вырабляюць каля 20 тысяч тон прадукцыі за год. У перспектыве яшчэ могуць дадаць у 3,5 раза. Зразумела, ключавое пытанне не толькі зараз, але і на перспектыву, куды дзець прадукцыю? Дарэчы, так першапачаткова і меркавалася, што менавіта на гэта будзе арыентаваны завод у Слуцку. Праца ў гэтым кірунку вядзецца слаба. Атрымліваецца, інвестары не да канца выконваюць свае абавязацельствы. Хоць да канца года абяцаюць, што спіс краін-партнёраў папоўняць Македонія, Грэцыя і Сербія.  Тут вырабляюць дрожджы ўсіх відаў - як для падрыхтоўкі хлебабулачных вырабаў (нават літоўскі хлеб пякуць на слуцкіх дражджах), так і алкагольных напояў. Фактычна ўся праца аўтаматызаваная. А кантроль якасці адсочваюць на ўсіх этапах у лабараторыях. 

За год абодва заводы вырабляюць звыш 35 тысяч тон дражджэй, што ў 4,5 раза перавышае патрэбнасць унутранага рынку. Але калі аб'ектыўна: эканамічныя паказчыкі ў мінскага камбіната вышэйшыя. І ён сапраўды здольны скласці годную канкурэнцыю слуцкаму навічку. Нават на старым абсталяванні можна выпускаць шырокую лінейку прадукцыі. І гэта прытым што развівацца на цяперашніх плошчах ужо няма магчымасці. Завод у Слуцку - прадстаўнік так званай зялёнай прамысловасці. Гэта прыкметна нават па колеры ўсіх карпусоў. Напэўна,  абавязкова знойдзецца такое ж экалагічнае вырашэнне сітуацыі - не на крыўду  людзям і нацыянальным інтарэсам. Гэта ўжо сапраўды гарантуюць даручэнні нашага Прэзідэнта. Зрэшты, абодвум заводам таксама трэба выконваць дадзеныя абяцанні - ствараць рабочыя месцы, пашыраць геаграфію паставак, словам, каб прыбытак рос як на дражджах.