Вялікая размова з Прэзідэнтам. Водгук на ўбачанае, сказанае і пачутае

4 февраля 2017

Такім чынам, Вялікая размова з Прэзідэнтам адбылася. Толькі што ўсе нацыянальныя каналы краіны завяршылі паказ 3-гадзіннай тэлевізійнай версіі сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы з прадстаўнікамі масмедыя і экспертнай супольнасцю. Самі ж зносіны напярэдадні доўжыліся без малога 7 з паловай гадзін, стаўшы самымі працяглымі за ўсю гісторыю падобных сустрэч. Фармат правядзення быў таксама незвычайны - дыскусія. Прыняць удзел у ёй мог абсалютна кожны. У зале прысутнічалі каля паўсотні журналістаў айчынных і замежных СМІ, запрасілі да гутаркі з прэсай і экспертную супольнасць. Плюс - прадстаўнікі грамадскасці.

Гучалі пытанні ад самых звычайных грамадзян. Усё з адной толькі мэтай - каб Прэзідэнт пачуў як мага больш меркаванняў, пазіцый, праблем. І яны былі агучаныя: ад пытанняў росту зарплат і пенсій, увядзення Расіяй пагранічнай зоны на межах з Беларуссю да праблематыкі смяротнага пакарання і будаўніцтва БелАЭС. Для такога грамадскага дыспуту Кіраўнік дзяржавы максімальна адкрыты. І гатовы чуць, успрымаць запыты грамадства. За прамым эфірам сачылі мільёны па ўсім свеце. Які водгук знайшло ўсё ўбачанае, сказанае і пачутае, ведае наш карэспандэнт Андрэй Лапцёнак.

Шматлікія тэмы Вялікай размовы з Прэзідэнтам можна было прадбачыць. Напрыклад, як можна было абысціся без ацэнкі ўнутрыэканамічнай сітуацыі, перспектыў беларускага экспарту або адносін з партнёрамі па Еўразійскім эканамічным саюзе? І прадказальна эканамічны блок атрымаўся аб'ёмным. Дзясяткі вострых пытанняў і вельмі адкрытая гутарка.

Зрэшты, за рэкордныя амаль 7 з паловай гадзін зносін (і без эканомікі) дзясяткі тэм і нават тыя, што часта не трапляюць у афіцыйныя справаздачы. Першая рэакцыя непасрэдных удзельнікаў гутаркі.

Алеся Лучанінава, шэф-рэдактар міжнароднага інфармацыйнага агенцтва і радыё "Sputnik Беларусь": "Прэзідэнт, як і заўсёды, быў вельмі адкрыты, і ад яго заўсёды, калі сядзіш з ім у зале, зыходзіць такі пазітыўны, добры настрой, і ён быў настроены на гутарку, што вельмі нам спадабалася".

Эканоміка, палітыка, сацыяльная сфера - частка паўсядзённага жыцця людзей. Нядзіўна, што было заўважана, як усе зносіны Прэзідэнт выстройваў вакол простага чалавека.

Зваротная сувязь атрымалася ўзорнай. Крытыкам беларускі лідар яшчэ раз даказаў, што ўмее іх слухаць, звяртаючыся да іх па меркаванне, ведаючы, што яны будуць апаніраваць.

Сцяпан Смаляк, дацэнт кафедры філасофіі і паліталогіі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны: "Мне вельмі спадабалася, і я яшчэ раз упэўніўся, што наша кіраўніцтва дзейнічае па прынцыпе "заўсёды раіцца з народам".

Аляксандр Дзядзінкін, дырэктар Віцебскага філіяла МІТСО, першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта КПБ: "Вось гэтая спрэчка з Яраславам Раманчуком, я мяркую, усіх яшчэ раз упэўніла, што мы будзем жыць па законах рынку, але зробім усё магчымае для чалавека".

Сумленнасць - вызначальны фактар Вялікай гутаркі. Чарговы раз, прызнаўшыся і ад сябе асабіста, і ад імя ўсёй краіны ў добрым стаўленні да ўсходняга суседа, палічыў, што не мае права замоўчваць перад вялікай аўдыторыяй наяўнасць праблем і крызісу ў адносінах Мінска і Масквы. І быў пачуты.

Зрэшты, рэакцыя ўнутры расійскага грамадства атрымалася далёка не аднастайная. Дарэчы, для расійскіх экспертаў найболей магутным ходам у шматгадзінным марафоне стала як раз ацэнка беларускага Прэзідэнта нафтагазавых спрэчак і іх залежнасці ад суверэнітэту.

Фактычна, на думку экспертаў, Кіраўнік дзяржавы за дужкамі сказаў, што збольшага цяперашняя эканамічная сітуацыя ўнутры краіны - гэта плата за жаданне Беларусі захаваць самастойнасць і суверэнітэт.

У шматгадзіннай гутарцы з журналістамі і прадстаўнікамі беларускага істэблішменту Лукашэнка даў выразны імпульс не толькі свайму народу, але і галоўнаму саюзніку. Хай дзесьці эмацыйна, але ясна і вельмі канкрэтна. З чымсьці ў Маскве не пагадзіліся, але перад блізкай сустрэчай прэзідэнтаў (калі яна адбудзецца) пацвердзілі курс на пабудову Саюзнай дзяржавы.

"Масква лічыць прыярытэтным працяг інтэграцыйных працэсаў з Беларуссю і з увагай ставіцца да развіцця Саюзнай дзяржавы", - гаворыцца ў каментарыі прэс-службы Крамля.

Інтэрнэт-аўдыторыя не засталася ўбаку, беларуска-расійскія адносіны таксама абмяркоўваліся. Зрэшты, у асноўным рэмаркі карыстальнікаў датычыліся ўнутрыбеларускіх тэм. Пытанняў празмерных ільгот, сацыяльнага ўтрыманства, бязвізавага ўезду замежнікаў у Беларусь.

За гутаркай Прэзідэнта сачылі і карыстальнікі сэрвісу мікраблогаў "Твітар". Яшчэ ў дзень мерапрыемства вызначыліся галоўныя хэштэгі, якімі суправаджаліся згадванні аб гэтай падзеі. Самым папулярным апынуўся хэштэг #agl3 . Колькасць яго згадванняў наблізілася да 2 тысяч, а ахоп аўдыторыі перавысіў 14 мільёнаў. На другім месцы замацаваўся хэштэг #Лукашэнка з агульнай колькасцю "твітаў" звыш 800 і ахопам больш як 4,5 мільёна.

Адкрыццём у добрым сэнсе для шматлікіх стала тое, што ў фармаце сустрэчы некаторым, хто задаў пытанне, удавалася атрымаць адказ з гатовым рашэннем. Пытанне Мікалая Радамана аб непажаданым акцыянаванні паспяховых гаспадарак было знятае прама падчас гутаркі.

Галоўны вынік - ніводнае зададзенае пытанне не засталося без адказу.

Уладзімір Улаховіч, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: "Самая вялікая каштоўнасць, якой можа валодаць улада, - гэта давер. Адкрытая гутарка з грамадзянамі, няма такіх пытанняў, якія застаюцца без увагі, і вось гэта нараджае сапраўдны давер, сапраўдную салідарнасць у вырашэнні вялікіх задач".

Надзённыя тэмы і апошнія тэндэнцыі. Пытанні аб тым, што нас акружае. Сацыяльныя праблемы і сфера ЖКГ. Скаргі на дзеянні або бяздзейнасць чыноўнікаў. Нацыянальная ідэя і геапалітыка. Публічная палеміка з апанентамі ўлады. Чалавечая логіка і жыццёвая філасофія. Як і што было сказана? Яшчэ будзем асэнсоўваць. Усім грамадствам. Важны кожны нюанс. Бо напружанасць узнікае там, дзе ёсць неразуменне працэсаў кіравання. Вялікая размова з Прэзідэнтам - спроба разабрацца разам. Зразумець матывы. Па-іншаму паглядзець на стан спраў у краіне і сваё месца ў грамадстве.