Вялікая гутарка аб прамысловасці адбылася сёння на вышэйшым узроўні

22 июля 2016

Кіраўнік дзяржавы наведаў Магілёўскі рэгіён, каб на свае вочы ўбачыць, у якім напрамку развіваецца абласны цэнтр і яго прадпрыемствы, каб разам з людзьмі вызначыць кірункі, у якіх рухацца далей. Гіганты прамысловасці - гэта не проста сцены, цэхі, станкі, прадукцыя на мільёны. Самае галоўнае - гэта людзі, іх сям'і, праца для кожнага.

Менавіта таму Прэзідэнт не спыніўся на запланаваным наведванні "Магілёўліфтмаша" (там усё ў парадку з рабочымі месцамі, з зарплатай, прадукцыя рэалізуецца са склада), а таксама прыватнага прадпрыемства "Тэхналіт", дзе справы таксама ідуць вельмі нядрэнна. Аляксандр Лукашэнка быў сёння і там, дзе ёсць праблемы. Наведванне завода "Строммашына" і філіяла МАЗа - завода "Магілёўтрансмаш" не планавалі. Але менавіта там увага дзяржавы, пошук рашэння адкладваць ужо нельга. Перспектывы заводаў абмяркоўвалі разам з прадстаўнікамі працоўных калектываў, прафсаюзнымі работнікамі. Цвёрдае рашэнне Прэзідэнта - прадпрыемствам быць. І ў людзей будзе праца. Іншае пытанне - як заваяваць нішу, стаць запатрабаванымі на сусветным рынку. Гэта ўжо пытанне да кіраўнікоў. І на ўзроўні прадпрыемстваў, і цэлых галін. Сёння, каб выжыць, трэба рухацца, літаральна "ваяваць" за кожны кантракт, за кожны рубель сабекошту. Гэта разумеюць і работнікі, і прадстаўнікі ўрада. Гутарка атрымалася добрай, па справе, мужчынскай. Наперадзе вялікая праца. А пакуль пра сённяшні дзень і сур'ёзныя рашэнні.

Расказвае Вольга Макей.

Дырэктар прадпрыемства "Тэхналіт" дэманструе распрацоўку, аналагаў якой няма ў свеце. Менавіта на магілёўскім прадпрыемстве чыгуну змаглі надаць эластычнасць сталі, тым самым зрабілі рэвалюцыю ў металургіі. Уся справа ў асаблівым спосабе ліцця. Гэта дазваляе дэталям з чыгуну не разбівацца, а гнуцца, значыць падвойвае тэрмін зносу дэталяў. Да гэтага не дадумаліся нідзе на планеце, а "Тэхналіт" за распрацоўку ўдастоілі дзяржпрэміі ў галіне навукі і тэхналогій.

Унікальны рэцэпт для гурманаў у свеце металургіі забяспечыў прадпрыемства працай на доўгія гады наперад. Гэтыя дэталі прымяняюць у сэрцы тэхнікі - рухавіках. Камплектуючыя выкарыстоўваюць ад трактароў да авіябудавання. У заказчыках лакаматыўныя, танка- і суднарамонтныя заводы. Толькі вось вытворчасць зараз патрабуе пашырэння. Для цэхаў можна выкарыстоўваць і плошчы неэфектыўных вытворчасцяў, настойвае Прэзідэнт.

Зрэшты, менавіта металаапрацоўка і машынабудаванне - гэта траціна прамысловага комплексу Магілёва. Сярод дамінуючых і нафтахімія. Таму гаварылі і пра лёс Магілёўхімвалакна. Прадпрыемства не стаіць на месцы, распавядае дырэктар Пётр Руднік. Да ўзроўню мінулага года завод плюсуе ў аб'ёмах вытворчасці, поўнасцю загружаныя магутнасці. Адзінае, што сёння не дае развярнуцца, - закансерваваны завод штучнага валакна. Прэзідэнт заклікае вырашыць, як выкарыстаць незадзейнічаныя плошчы.

Тут жа, на плошчы Славы, Прэзідэнту далажылі і наконт выканання даручэнняў, дадзеных падчас адной з паездак у Магілёў. Яны датычыліся добраўпарадкавання набярэжнай Дняпра. Мэр горада Уладзімір Цумараў паказвае маштабную рэканструкцыю галоўнай транспартнай артэрыі горада - моста, што злучае два раёны абласнога цэнтра. Па адной палове тут ужо адкрыты рух. У кастрычніку мост адкрыюць поўнасцю. Ён стане на 10 метраў даўжэйшы і з шасціпалосным рухам. Разам з ім мяняецца і ўвесь узбярэжны ландшафт. Побач ужо адкрыты парк адпачынку, у перспектыве будзе пабудаваны шматфункцыянальны жылы комплекс. Якім ён будзе, таксама паказалі Прэзідэнту (пакуль на паперы). Але да распрацоўкі плана трэба падысці па-гаспадарску. Пакуль Магілёў па добраўпарадкаванні адстае ад іншых абласных цэнтраў краіны.

За той нядоўгі час, пакуль абмяркоўвалі лёс горада на Дняпры, з загса, што побач на плошчы, выйшлі тры пары маладых. Наогул, Магілёў - трэці па колькасці горад краіны. Дарэчы, за апошнія пяць гадоў абласны цэнтр стаў большы амаль на 22 тысячы дзяцей.

Жылыя кварталы павінны быць добраўпарадкаваныя і зручныя для людзей, зважае Прэзідэнт. За паўгода пабудавана больш як 80 тысяч новых квадратных метраў. У пад'ездах шматпавярховак, вядома, ліфты ўласнай вытворчасці. Магілёўліфтмаш не толькі адзін з гарадскіх брэндаў, але і прадпрыемства, вядомае далёка за межамі Беларусі. Магіляўчане нават адпраўлялі свае пад'ёмнікі на касмадром Байканур.

На тэрыторыі прадпрыемства кідаецца ў вочы гэты дзіўны агрэгат. Насамрэч гэта ліфт для аўтамабіляў. Пробная распрацоўка завода для шматузроўневых парковак. Але кожнаму з нас звыкла бачыць ліфты пасажырскія. Мала хто ведае, што сярод іх ёсць і рэкардсмены.

Самы вялікі ліфт Магілёўліфтмаш зрабіў яшчэ ў 90-я гады для Вялікага тэатра ў Маскве. Пад'ёмнік быў плошчай з аднапакаёвую кватэру - 36 квадратных метраў. А вось самы маленькі прадпрыемства вырабіла для катэджа прыватнага заказчыка - усяго чвэрць квадратнага метра.

Ліфмташ працуе ў Магілёве амаль паўстагоддзя. За гэты час выпусцілі амаль 300 тысяч пад'ёмнікаў. Але прадпрыемства нават гадоў 10 таму і сёння, як і ліфты, - неба і зямля. Зараз на заводзе гатовыя ўвасобіць любыя ідэі: пасажырскія і грузавыя пад'ёмнікі, для бальніц або катэджаў. За некалькі гадоў лінейка мадэляў ліфтаў павялічылася з 2-х да 130-ці.

Пераломным для Магілёўліфтмаша стаў 2003 год. Тады вырашылі: жыць па-старому не атрымаецца і ўзяліся за новую канцэпцыю работы. Дыктавала ўмовы хуткае развіццё будаўнічай індустрыі. Дамы сталі не падобныя адзін на аднаго, значна вышэйшыя. Ад вытворчасці старых савецкіх ліфтаў прыйшлося адмовіцца. Мадэрнізацыя закранула ўсю вытворчасць. Канструктарскае бюро ператварылі ў навукова-тэхнічны цэнтр. І ўсе гэтыя 13 гадоў разам з Акадэміяй навук на заводзе стваралі. Не ліфты, а суперкары!

У 2014-м тут запусцілі новую лінейку. Гэта ліфты без машынных памяшканняў. Сярод распрацовак - эскалатары для гандлёвых цэнтраў і аўтапаркоўка. Пашырыла прадпрыемства і гандлёвую геаграфію. Зараз гэты спіс з дзясятка краін свету: ад Манголіі да Шатландыі. 85% ідзе на экспарт. Размаюўляючы з калектывам Магілёўліфтмаша, Прэзідэнт тлумачыць мэту прыезду. Яна простая: убачыць, як ідуць справы ў гэтым прамысловым рэгіёне краіны. Не з дакументаў, а на месцы. Бо на вытворчасцях вобласці працуюць дзясяткі тысяч чалавек.

Рабочая паездка Прэзідэнта ў Магілёў атрымалася глабальнай. За адзін дзень вялікі маніторынг ключавых прадпрыемстваў абласнога цэнтра. Прычым Аляксандр Лукашэнка не стаў абмяжоўвацца толькі тымі, дзе справы ідуць добра. Кіраўнік дзяржавы крута адкарэкціраваў план рабочай паездкі. Знаходзячыся ў рэгіёне, не стаў пазбягаць разбору сітуацыі на складаных прадпрыемствах.

Адно з такіх у Магілёве - "Строммашына". Шматпрофільнае машынабудаўнічае прадпрыемства. Тут выпускаюць абсталяванне для індустрыі будматэрыялаў, вежавыя краны. Трэба сказаць, што папярэдні год быў складаным - раслі даўгі, не хапала абаротных сродкаў. Сталі разбірацца - пралікі кіраўніцтва прывялі да закрэдытаванасці, поўных складоў, страты пакупнікоў і рынкаў збыту. Прафсаюзы трымалі Прэзідэнта ў курсе спраў на гэтай вытворчасці. Сітуацыю абмяркоўвалі яшчэ ў снежні. Маўляў, людзі хвалююцца - страчваем завод! Кіраўнік дзяржавы пачуў калектыў. У пачатку 2016-га быў прыняты шэраг антыкрызісных крокаў.

Сёння не сорамна глядзець у вочы. Побач з Прэзідэнтам профільны міністр. Трымае адказ перад людзьмі. Што будзе, распавядае работнікам. Завод атрымаў заказ на пастаўку чыгунных цюбінгаў для Беларуськалія. Работа для салігорскага гіганта дазволіць выплыць. Можна сказаць, для прадпрыемства са 100-гадовай гісторыяй адкрываецца другое дыханне. А ў людзей не знікне магчымасць зарабіць на жыццё. Удзел Прэзідэнта ў лёсе прадпрыемства ўсяляе надзею.

Зараз на "Строммашыне" працуюць над пошукам новых рынкаў. Прадумваюць пытанне пастаўкі шахтнага абсталявання для расійскай кампаніі і нафтаздабыўнога для бразільскай. Ідзе аптымізацыя на вытворчасці.

Гэта значыць да канца года тут, а яшчэ на Магілёўскім трансмашы павінны разумець, як жыць далей. Вядома, чыноўнікі не чакалі такой рэзкай змены планаў, асабліва калі, не змяншаючы тэмпаў, Кіраўнік дзяржавы адпраўляецца на наступны завод - Магілёўскі трансмаш - філіял мінскага МАЗа. Тут вырабляюць аўтакраны, прычэпы для грузавікоў.

Прэзідэнт не праводзіць закрытых нарад. Выразна і па справе дакладвае дырэктар Мінскага аўтамабільнага. Стратэгія такая - хутка загрузіць прадпрыемства заказамі. Выпускаць патрэбную тэхніку. Адзін з такіх праектаў плануецца з партнёрамі з Кітая. Аўтакранавую тэхніку хочуць выпускаць з карпарацыяй "Зумліён" з Паднябеснай. Гэты тандэм дазволіць укараніць ноу-хау і выйсці на новыя рынкі. Адна з праблем сёння - недахоп абаротных сродкаў.

Ужо ў найбліжэйшы час магіляўчане будуць дакладна ведаць, што будзе з ключавымі прадпрыемствамі. Але, калі шчыра, гэты дзень стане знакавым для магілёўскага рэгіёна. Бо атрымалася не проста вялікая гутарка наконт прамысловай стратэгіі для вобласці. Хаця ад яе будзе залежаць, якім гэты кавалак зямлі стане заўтра. Па сутнасці вызначыліся з будучыняй у адкрытым дыялогу ўлады з людзьмі. Бо менавіта так усім разам па сілах справіцца з цяжкасцямі і ўвасобіць нават самыя складаныя планы ў жыццё.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя