Больш за 300 навучэнцаў з усёй Беларусі размаўлялі сёння з Прэзідэнтам

26 мая 2017

Сёння ў цэнтры ўвагі Кіраўніка дзяржавы былі пытанні абнаўлення беларускай школы. Праграмы, падручнікі, графік заняткаў - аб усім гэтым вёў размову Прэзідэнт падчас наведвання на фінішы навучальнага года адной з мінскіх школ.

Як распавёў профільны міністр Ігар Карпенка, ужо з 1 верасня ўсе навучальныя праграмы будуць абноўленыя. Зменяцца і падручнікі. Спачатку адкарэктуюць тыя дапаможнікі, якія маюць патрэбу ў гэтым больш за ўсё. Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі адзін з сігнальных экзэмпляраў новых падручнікаў, а таксама сучасную тэхналогію малюнкаў, якія ажываюць. З дапамогай дадатку ў смартфоне падручнік па сусветнай гісторыі для сямікласнікаў становіцца інтэрактыўным. Можна паглядзець дадатковы відэаматэрыял. Прэзідэнту распавялі пра адукацыйны партал, дзе ў вольным доступе самая розная інфармацыя для вучняў, бацькоў і педагогаў. Было закранута і пытанне аптымальнага часу пачатку заняткаў у школах. Галоўнае, як лічыць беларускі лідар, здароўе дзяцей.

На базе 61-й мінскай школы навучэнцы з розных рэгіёнаў Беларусі, а запрошана было больш за 300 школьнікаў, арганізавалі выставу праектаў і дасягненняў. На сустрэчу запрасілі маладых людзей, якія валодаюць лідарскімі якасцямі і актыўныя ў грамадскім жыцці. Сярод іх удзельнікі форуму моладзевага парламентарызму. Навучэнцы распавялі Кіраўніку дзяржавы, якія творчыя ідэі яны ўвасабляюць у жыццё. Так, мінскі дзевяцікласнік сабраў 3Д-прынтар - марыць паставіць іх вытворчасць на паток. На сустрэчы, якую назвалі "Моладзь. Погляд у будучыню", Кіраўніка дзяржавы засыпалі пытаннямі. Гутарка атрымалася душэўнай, шчырай, тэмы закраналіся самыя розныя. Напрыклад, аб якасцях сапраўднага лідара.

Графік Кіраўніка дзяржавы вельмі насычаны,і так вольна і адкрыта пагутарыць з маладымі людзьмі атрымліваецца не заўсёды. З тымі, хто нестандартна і прагрэсіўна думае. З тымі, ад каго залежыць наша будучыня. Шчырасць пытанняў, непадроблены энтузіязм і неабыякавасць у вачах - усё гэта адчувалася ў атмасферы гутаркі. Як адзначыў Прэзідэнт, такая моладзь - знаходка для краіны.