"Боінг" Кіраўніка дзяржавы прызямліўся ў аэрапорце Унукава-2

14 декабря 2015

Сёння пачаўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Расійскую Федэрацыю.

Снежань у рабочым графіку Кіраўніка дзяржавы стаў надзвычай насычаным у плане замежных візітаў. Толькі ў канцы мінулага тыдня Аляксандр Лукашэнка вярнуўся з азіяцкага турнэ, наведваў В'етнам і Туркменістан. І вось пачатак цяперашняга тыдня абяцае прайсці пад знакам беларуска-расійскага стратэгічнага супрацоўніцтва. У 17 гадзін борт нумар адзін вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

"Боінг" Кіраўніка дзяржавы прызямліўся ў аэрапорце Унукава-2. Ва ўрадавым тэрмінале найбуйнейшай паветранай гавані Масквы Аляксандра Лукашэнку сустракалі як высокага і доўгачаканага госця - хлебам-соллю.

Заўтра ў Маскве пройдуць перамовы Кіраўніка беларускай дзяржавы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у вузкім і пашыраным складах. Чакаецца, што ў цэнтры ўвагі будзе шырокі спектр пытанняў двухбаковых адносін і міжнароднага парадку дня, узаемадзеяння ў інтэграцыйных аб'яднаннях. Па выніках запланавана падпісанне міжнародных дакументаў. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка ўскладзе вянок да Магілы Невядомага Салдата. Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Расію прадоўжыцца два дні.