Дабрабыт нацыі, міралюбная знешняя палітыка і нацыянальная бяспека. Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту

19 апреля 2019
Зарплаты, цэны, дабрабыт народа, а таксама знешняя палітыка, суверэнітэт і галоўныя арыенціры для ключавых галін эканомікі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сёння звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа і парламента. У Авальнай зале  агучаная стратэгія развіцця дзяржавы на год. У цэнтры Еўропы беларусы стварылі сваю краіну, - падкрэсліў Прэзідэнт. Краіну для жыцця! За кароткі час выбудавалі новую дыпламатычную лінію знешняга ўзаемадзеяння. Шматбаковы дыялог  застаецца ў прыярытэце ў знешняй палітыцы. А тры слупы ўпэўненага курсу краіны - дабрабыт народа, міралюбная знешняя палітыка і нацыянальная бяспека. 

Падмурак паспяховай дзяржавы - моцная эканоміка. ВУП краіны на душу насельніцтва  вырас амаль у пяць разоў. А аб'ём прамысловай вытворчасці перавышаны ў два з паловай разы. І сёння беларускі лідар даў шэраг даручэнняў, як захаваць і прымножыць дасягнутае. У прыватнасці, беларуская эканоміка і далей будзе будавацца на аснове развіцця буйных прадпрыемстваў і вытворчасцяў. У краіне ў апошнія гады мадэрнізавана больш як 500 прамысловых прадпрыемстваў. Створаныя новыя высокатэхналагічныя працоўныя месцы. Разам з тым, выкананне асобных праектаў зацягваецца.

Зарплаты. Цэны. І магчымасць зарабіць. На гэтым таксама асобна спыніўся Кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што інфляцыю неабходна ўтрымліваць у межах пяці працэнтаў. Рост цэн (асабліва па адчувальных пазіцыях) павінен выклікаць неадкладную рэакцыю ўрада і мясцовай улады.

Прэзідэнт даў таксама шэраг даручэнняў па развіцці аграпрамысловага комплексу. Задачы прагучалі па навядзенні парадку на зямлі, а таксама па адукацыі, кадравай палітыцы і прыцягненні ў ключавыя для краіны кірункі моладзі, дасведчаных і кваліфікаваных спецыялістаў. У цэнтры ўвагі і дэмаграфічная бяспека краіны, развіццё медыцыны, укараненне найноўшых тэхналогій.