Бяспека ўсяго кантынента залежыць ад згуртаванасці краін у рэгіёне

6 ноября 2018

Беларусь прыкладае намаганні, каб стабілізаваць рэгіянальнае становішча, а не раскалыхваць яго. Бо наша бяспека напрамую залежыць ад сітуацыі вакол. Пра гэта Прэзідэнт заявіў на сустрэчы з групай амерыканскіх аналітыкаў.

У Мінск прыбыло адразу некалькі аўтарытэтных экспертаў са Злучаных Штатаў Амерыкі. Сярод іх, напрыклад, прадстаўнікі Джэймстаўнскага фонду і Цэнтра па аналізе еўрапейскай палітыкі. Гэтая сустрэча важная не толькі для беларуска-амерыканскіх адносін, але і для ўсяго рэгіёна. Становішча ва Усходняй Еўропе застаецца вельмі няпростым. Размаўляючы з аналітыкамі, Аляксандр Лукашэнка асобна падкрэсліў, што Беларусь - маладая і суверэнная дзяржава з самастойнай унутранай і знешняй палітыкай. І ў нашай краіны прагматычная пазіцыя па шырокім спектры пытанняў міжнароднай бяспекі. Аднаўляючы нармальныя адносіны са Злучанымі Штатамі, падтрымліваючы добрасуседскія сувязі з Еўрасаюзам, пашыраючы партнёрства з НАТА, Беларусь наладжвае раўнапраўны дыялог з усімі ў рамках умацавання рэгіянальнай бяспекі.

Многія з экспертаў ужо не першы раз у Беларусі. Аналітычныя цэнтры, якія яны прадстаўляюць, інфармуюць амерыканскае грамадства і палітолагаў аб падзеях у Еўразіі. Рэгулярна публікуюць матэрыялы і па беларускай тэматыцы. Таму так важна чуць з першых вуснаў ключавыя тэзісы па найскладанейшых пытаннях палітыкі, бяспекі і эканомікі. Такія адкрытыя зносіны з беларускім лідарам - магчымасць наблізіцца да лепшага разумення адзін аднаго. Дарэчы, апошнія гады вызначыўся прыкметны прагрэс у адносінах па лініі Мінск - Вашынгтон.

Аналітыкі са Злучаных Штатаў правялі некалькі дзён у Беларусі. У рамках візіту прайшлі сустрэчы ў Мінабароны і знешнепалітычным ведамстве. Госці таксама пабывалі ў Парку высокіх тэхналогій і Музеі Вялікай Айчыннай. Падрабязнасці сёння ў "Панараме".