Бярозаўскую ДРЭС наведаў Кіраўнік дзяржавы

14 августа 2014

Беларуская энергетыка стала асноўным аб'ектам увагі сёння, у першы дзень паездкі Кіраўніка дзяржавы па рэгіёнах. Цана пытання высокая - галіна дзяржаўнага значэння, яе стан цалкам лагічна адлюстроўваецца на ўзроўні развіцця краіны ў цэлым. Адну з найбуйнейшых беларускіх электрастанцый - Бярозаўскую ДРЭС - сёння наведаў Кіраўнік дзяржавы.


Асноўная праблема аб'екта не новая - адкрыццём сёння не стала. Мадэрнізацыя 5-га энергаблока адкрыта правалена, яго рэканструкцыя павінна была завяршыцца яшчэ 4 гады таму, турбіна прастойвала не адзін год… І сёння Прэзідэнт задае слушнае пытанне: хто адкажа за страчаную выгаду? Нявыкананыя раней даручэнні сёння пацягнулі за сабой новае - актывізаваць расследаванне крымінальнай справы.


З падрабязнасцямі Сяргей Хамянтоўскі.


Бярозаўская ДРЭС - першая электрастанцыя блокавага тыпу ў Беларусі. У 80-я гады яна працавала на поўную магутнасць, але ў пачатку 90-х наступілі не лепшыя для энергетыкі часы. У 2000-ом у станцыю ўдыхнулі другое жыццё. Белаазёрск наведаў Прэзідэнт, пасля чаго пачалася актыўная рэнавацыя станцыі.


Рабочая паездка Прэзідэнта па Брэстчыне чакана пачалася з пытання губернатару аб сітуацыі ў вобласці. Валавы рэгіянальны прадукт вырас, перавысіўшы 31 трыльён рублёў. Але вось праблемных прадпрыемстваў менш не стала.


Гутарка на Бярозаўскай ДРЭС пачалася з тэмы мадэрнізацыі энергетыкі. Галіна для дзяржавы стратэгічная. Паніжэнне энергаёмістасці ВУП - гэта і канкурэнтаздольнасць айчыннай прадукцыі на знешніх рынках, і сумы ў жыроўках беларусаў. Таму і такая пільная ўвага да галіны з боку Прэзідэнта.


Дзяржава актыўна інвестуе ў энергетыку. Знос асноўных фондаў скараціўся з 60% у 2005 годзе да 41-го ў мінулым. Надзейнасць энергасістэмы павышана ўдвая. Новыя магутнасці нядрэнна эканомяць энергарэсурсы, гаворыць міністр.


Пры невысокім сабекошце энергіі пытанне празрыстасці тарыфаў ЖКГ застаецца адкрытым. Прэзідэнт незадаволены. Дзяржкантроль праверыць.


Цяперашні прыезд Прэзідэнта на Бярозаўскую ДРЭС прыкмета таго, што праблемы энергетычнай галіны, зрэшты, як і поспехі, на вачах у кіраўніцтва краіны.


Незадаволены Прэзідэнт ходам рэканструкцыі 5-га блока Бярозаўскай ДРЭС. Ён ужо ўключаны ў энергасетку краіны, але належнай аддачы пакуль няма. На абгрунтаваную крытыку Кіраўніка дзяржавы прыходзіцца адказваць профільнаму міністру.


Мадэрнізацыя 5-га блока Бярозаўскай ДРЭС - адзіны правальны аб'ект у энергетыцы. Яго павінны былі здаць у 2010 годзе. У красавіку 2013-га ход рэканструкцыі Бярозаўскай ДРЭС атрымаў негатыўную ацэнку на нарадзе ў Прэзідэнта. Мадэрнізацыя энергаблока затрымлівалася з-за зрыву тэрмінаў пастаўкі ўжо аплачанай турбіны расійскімі партнёрамі. Тады ж, у красавіку 2013 года, Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па фактах цяганіны з уводам магутнасцяў на Бярозаўскай ДРЭС.


На Бярозаўскай ДРЭС усё ж знайшліся ўдалыя прыклады мадэрнізацыі. Зусім побач, на сёмым блоку. Праект рэалізавалі кітайскія партнёры пад ключ. Спецыялісты сёння вынеслі вердыкт - рэканструкцыя павысіла эканамічнасць працы станцыі.


Кітайская машынабудаўнічая інжынірынгавая карпарацыя - кампанія з сусветным іменем. У Беларусі навічок. Такую ж парагазавую ўстаноўку кітайскія падрадчыкі зманціравалі на Лукомльскай ДРЭС і гарантуюць - увод новых магутнасцяў павысіць эфектыўнасць працы беларускай энергасістэмы.


Тут жа, побач з новым аб'ектам, Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з працоўным калектывам ДРЭС. Для Прэзідэнта гэта прадпрыемства асаблівае. Чаму так? З адказу на гэта пытанне Аляксандр Лукашэнка і пачаў зносіны з энергетыкамі.

Прадбачачы шматлікія пытанні, Аляксандр Лукашэнка гаварыў не толькі пра вытворчасць. Пра сацыяльную сферу дзяржава таксама не забывае. Прэзідэнт падкрэслівае, зарплаты бюджэтнікаў і пенсіі будуць расці, з'явяцца новыя рабочыя месцы. У Белаазёрску Аляксандр Лукашэнка анансаваў палітычную падзею. Прэзідэнты Беларусі, Расіі і Казахстана гатовыя сустрэцца ў Мінску з украінскім калегам.


Заўтра рабочая паездка Прэзідэнта па рэгіёнах краіны прадоўжыцца. Кіраўніка дзяржавы чакаюць у Гродзенскай вобласці.