Беларуска-кітайскі праект "БелДжы" пад асаблівым кантролем у Прэзідэнта

30 ноября 2015

Пачнём з тэмы, якая, бясспрэчна, хвалюе многіх аўтааматараў - стварэнне ў нашай краіне вытворчасці айчыннага легкавога аўтамабіля. Плюсы відавочныя - выгадная цана і годная якасць. Але вось як адрэагуе на з'яўленне навінкі рынак спажыўцоў? Гэтыя пытанні абмяркоўвалі сёння на вышэйшым узроўні. Сумесны беларуска-кітайскі праект "БелДжы", па сутнасці, пачатак новай для нашай краіны галіны - легкавога машынабудавання. Сёння Прэзідэнт даручыў больш актыўна выкарыстоўваць наш вопыт і напрацоўкі. З улікам прамысловага патэнцыялу Беларусі ёсць чым падзяліцца. Пакуль у Мінскай вобласці збіраюць толькі кітайскія аўтамабілі "джылі", дарэчы, некаторыя кампаненты пастаўляюць і нашы вытворцы. Але не за гарамі і стварэнне народнага аўтамабіля, як ужо называюць сумесны праект "БелДжы". Плануецца, што прадпрыемства запрацуе ў наступным годзе. На чым Беларусь заедзе ў новую эру айчыннага аўтапрама, раскажа Аляксей Адашкін.

Для мінчаніна Анатоля Яцэвіча вось гэты аўтамабіль ужо чацвёрты. Але першы, як кажуць, з салона. Дагэтуль інжынер купляў ужываныя легкавушкі нямецкай і карэйскай вытворчасці. Але пасля сур'ёзных абмеркаванняў і разлікаў на сямейным савеце было прынята рашэнне на карысць новага беларуска-кітайскага "паркетніка".

Пенсіянер Валерый Грушэўскі - аўтааматар з вялікім стажам. Свае першыя "жыгулі" купіў роўна 40 гадоў таму. Былі ў яго аўтапарку і "Волгі", і іншамаркі з прабегам. Валерый Аляксандравіч прызнаецца, што зусім нядаўна і ўявіць сабе не мог, што стане ўладальнікам вось такой камфартабельнай "ластаўкі", сабранай у Беларусі.

Сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства "БелДжы" было створанае ў канцы 2011 года. Найбуйнейшымі заснавальнікамі сталі БелАЗ (50 % акцый) і карпарацыя "Джылі", доля якой складае 32,5%. На першым этапе на базе барысаўскага завода "Аўтагідраўзмацняльнік" была арганізаваная зборка легкавых аўтамабіляў. Першую машыну тут выпусцілі ў лютым 2013 года. Гадавая вытворчая магутнасць прадпрыемства - 10 тысяч аўтамабіляў за год. І гэта толькі крыху менш за палову ад усяго аб'ёму рынку новых машын у Беларусі.

Беларуска-кітайскі праект знаходзіцца пад асаблівым кантролем у Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Мінулай вясной Кіраўнік дзяржавы асабіста пратэсціраваў новыя мадэлі "джылі". Аляксандр Лукашэнка праехаў па горадзе і на седане, і на кампактным хэтчбэку. Выпрабаваў Прэзідэнт і новы на той момант красовер айчыннай зборкі.

І вось сёння ў Палацы Незалежнасці - асобная нарада, прысвечаная развіццю новай для краіны галіны - вытворчасці легкавых аўтамабіляў. Бо калі з выпускам суперкараў (такіх, як БелАЗ і цягачы МЗКЦ) беларускі аўтапрам спраўляецца на выдатна, то і са зборкай машын для народа праблем не будзе.

Карпарацыя "Джылі" была заснаваная амаль трыццаць гадоў таму. Зараз гэты аўтаканцэрн уваходзіць у пяць соцень наймацнейшых кампаній свету і працуе з гадавым абаротам 24 з паловай мільярды долараў. Холдынг вядзе паспяховы аўтабізнес з паўсотняй краін свету, сярод якіх ЗША, Расія, Украіна, дзяржавы Еўрасаюза і Паўднёва-Усходняй Азіі. "Джылі" змагла набыць шведскую кампанію "Вольва", а таксама вытворцу знакамітых лонданскіх кэбаў. Зараз дызайнам у аўтаканцэрне займаецца мастак, які дагэтуль працаваў на "Астан Марцін", "Форд", "Лэнд Ровер" і "Ягуар". "Джылі" нават стварыла ўласную сетку вышэйшых навучальных устаноў, каб рыхтаваць вузкаспецыялізаваных спецыялістаў.

Беларускае машынабудаванне здольнае і для легкавых аўтамабіляў распрацоўваць дэталі і тэхналогіі. Таму адно з галоўных патрабаванняў Прэзідэнта - гэта максімальнае выкарыстанне менавіта айчынных ноу-хау ў вытворчасці "БелДжы".

Паміж Барысавам і Жодзінам, прама ля трасы, зараз разгарнулася актыўная будоўля. Ударнымі тэмпамі ўзводзіцца ультрасучасны завод, у якім у тым ліку будуць прымененыя і тэхналогіі шведскай легенды "Вольва". Агульны аб'ём інвестыцый у гэты праект складае 318 мільёнаў долараў. Яшчэ 320 мільярдаў рублёў накіраваныя на стварэнне знешняй інфраструктуры - дарог, энерга- і водазабеспячэння і іншага. Ужо ў канцы наступнага года завод пачне працаваць. На першым этапе будуць створаныя амаль 1 300 рабочых месцаў. З выхадам на поўную магутнасць тут змогуць працаўладкавацца амаль 2 тысячы спецыялістаў з добрай кваліфікацыяй і прыстойнай зарплатай.

Ужо пры запуску завода амаль кожная трэцяя дэталь аўтамабіляў будзе беларускай вытворчасці. Ва ўрадзе плануюць, што да лета 2018-га ўзровень лакалізацыі і зусім складзе 50%. Такім чынам, павінны знізіцца выніковы кошт машын і істотна спрасціцца іх экспарт унутры Еўразійскага эканамічнага саюза. Фары, прыборныя панэлі, стартары, генератары, акумулятары і шыны - вось толькі няпоўны пералік тых кампанентаў, якія можа вырабляць для "Джылі" айчынны аўтапрам.

Дзмітрый Батракоў, дырэктар СЗАТ "БелДжы": "Гэты праект складаецца з дзвюх частак. Калі на працягу 1-2 гадоў мы выйдзем на максімальны аб'ём, то будзе разгледжана пытанне наконт павелічэння магутнасцяў. Таму на тэрыторыі ЕАЭС, я думаю, гэта будзе адзінае прадпрыемства пад брэндам "Джылі".

Гэты завод пачне працаваць ужо ў канцы наступнага года. Ужо ў пачатку 2016-га пабудаваныя карпусы пачнуць напаўняць абсталяваннем. На першым этапе магутнасці прадпрыемства дазволяць выпускаць да 60 тысяч аўтамабіляў за год. У далейшым гэтыя аб'ёмы будуць павялічаныя да 120 тысяч машын.

Уладзімір Сямашка, намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі: "Я лічу, што па сукупнасці цаны, якасці, надзейнасці і сэрвісу аўтамабіль "джылі" (а ў дадзеным выпадку "БелДжы"), наш сумесны прадукт, знайшоў свайго пакупніка. Лічбы гавораць самі за сябе. Напрыклад, калі ў 2013 годзе на расійскім рынку аб'ёмы продажаў усіх вядучых фірмаў ("Мэрсэдэс", "Аўдзі", "Фальксваген", "Рэно", "Сітраен", "Мітсубісі", "Хонда") упалі на 15-35%, то "Джылі" выраслі на 41%. І сёння кітайскія аўтамабілі на рынку СНД маюць долю каля 4%. Плануецца, што гэты рынак вырасце да 10%".

Пасля запуску новага завода з канвеера будзе сыходзіць удасканаленая лінейка аўтамабіляў. Акрамя наяўных мадэляў - красовера, седана і хэтчбека - на прадпрыемстве пад Барысавам будуць вырабляць і новы флагман, назва якога пакуль трымаецца ў сакрэце.

Вось гэты седан сярэдняга класа з'яўляецца самай папулярнай мадэллю ў лінейцы "Джылі", што вырабляюцца і прадаюцца ў нашай краіне. Пасля будаўніцтва новага завода мадэльны рад значна пашырыцца, і ў Беларусі будуць вырабляць легкавыя аўтамабілі новага пакалення.

У папулярнасці новых беларуска-кітайскіх аўтамабіляў спецыялісты не сумняваюцца. Бо ўжо праз год пасля пачатку вытворчасці ў нашай краіне "джылі" заняла чацвёрты радок сярод самых запатрабаваных у беларусаў аўтамарак.

Вытворчасць на тэрыторыі Беларусі легкавых аўтамабіляў знаходзяць выгаднай і перспектыўнай не толькі кітайскія бізнесмены. Недалёка ад Мінска выпускаюць амерыканскія і французскія машыны. Праца тут ідзе сем дзён на тыдзень і ў дзве змены. Кожны месяц прадпрыемства збірае па 800-900 аўтамабіляў. Згодна з кантрактам, вось такія амерыканскія недарожнікі адпраўляюцца выключна на экспарт, у Расію. А вось французскія аўтамабілі беларускай зборкі знаходзяць сваіх пакупнікоў у айчынных аўтасалонах.

Юрый Лойка, намеснік гендырэктара прадпрыемства "ЮНІСОН": "Гэта так званая scd-зборка. Яна ўніфікаваная і аднолькавая для ўсіх заводаў, якія працуюць па scd, ці то ў Расіі або Казахстане. Тут пакуль не прысутнічае зварка і афарбоўка, але мы вельмі разлічваем, што ў найбліжэйшы час у Беларусі будзе завод, які зможа збіраць, фарбаваць і варыць аўтамабілі".

Айчынны аўтапрам пашырае свае гарызонты і асвойвае новы для сябе кірунак. Мяркуючы па выніках продажаў, атрымліваецца гэта дастаткова паспяхова. Спажывецкі патрыятызм можа істотна паскорыць пашырэнне мадэльнага рада. Бо, заваяваўшы пазіцыі на беларускім рынку, аўтавытворцы ніколі не будуць буксаваць на рынках знешніх. Напрыклад, Паўднёвая Карэя, якая таксама калісьці пачынала са зборкі замежных аўто, сёння з'яўляецца адным з лідараў легкавога машынабудавання. Вось ён, арыенцір для Беларусі.