Беларуска-азербайджанскі дыялог у Палацы Незалежнасці

13 октября 2017

Пра ролю парламентарыяў і беларуска-азербайджанскае супрацоўніцтва гаварылі сёння ў Палацы Незалежнасці. Там прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са спікерам меджліса Азербайджана.

Падчас размовы закранулі тэмы, якія гучалі на мінулым саміце лідараў СНД у Сочы. Прынцыповая пазіцыя беларускага боку заключаецца ва ўзмацненні парламенцкага вымярэння ў Садружнасці і іншых інтэграцыйных структурах. Неабходна пазбаўляцца ад фармалізму, у цэлым ад Міжпарламенцкай асамблеі чакаюць большай актыўнасці. Дэлегацыя дэпутатаў Азербайджана ў Беларусі з аўторка. Прайшлі перамовы з кіраўніцтвам Нацыянальнага сходу і ва ўрадзе. Госці наведалі прамысловыя прадпрыемствы. Напрыклад, пабывалі на Мінскім трактарным заводзе. А ў пачатку тыдня адбыўся візіт міністра абароны з гэтай краіны.

Беларусь і Азербайджан даўнія партнёры. Рэгулярныя сустрэчы лідараў спрыяюць прасоўванню эканамічнага супрацоўніцтва. Сёлета пераадолена негатыўная тэндэнцыя зніжэння ўзаемнага тавараабароту. Па выніках васьмі месяцаў у агульнай скарбонцы ўжо амаль сто мільёнаў долараў. Аснова беларускага экспарту ў Азербайджан - тавары аўтапрама, дрэваапрацоўкі, шыны, прадукты харчавання, лекі. Беларусь імпартуе з Азербайджана вырабы з алюмінію, прадукцыю нафтахіміі, машынабудавання і сельскай гаспадаркі. Пазітыўны прыклад прамысловай кааперацыі - Гянджынскі аўтамабільны завод. Тут выпусцілі ўжо амаль 10 тысяч трактароў і амаль 4 тысячы грузавікоў. Зараз у нас працуюць 58 кампаній-рэзідэнтаў з азербайджанскім капіталам. Беларусь у сваю чаргу мае ў гэтай краіне каля 70 прадстаўніцтваў.