Беларускi лідар сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага інвестбанка

5 августа 2019
Самае дынамічнае супрацоўніцтва Беларусі з міжнародным фінансавым інстытутам. Гэта пра партнёрства афіцыйнага Мінска з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Усяго за паўтара года  партфель інвестпраектаў перавысіў 300 мільёнаў еўра. Сёлета пераадолеюць адзнаку паўмільярда. Такой дынамікі няма ні з адным іншым стратэгічным крэдыторам у свеце. Аб важнасці доўгатэрміновых укладанняў для стабільнага развіцця не толькі Беларусі, але і ўсяго рэгіёна сёння ішла размова на сустрэчы беларускага лідара з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага інвестбанка. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на ключавыя для краіны і Еўропы праекты з удзелам банка. Гэта транспартныя калідоры, зялёныя тэхналогіі і экалогія, энергетыка на мясцовых відах паліва і падтрымка інавацыйнага малога і сярэдняга бізнесу. Вельмі важна, гэта неаднаразова падкрэсліў госць Палаца Незалежнасці,  усе праекты доўгатэрміновыя,  разлічаныя ад 15 да 30 гадоў. Такія інвестыцыі магчымыя толькі ў вельмі стабільныя краіны з высокім крэдытам даверу ў Еўропе. Падрабязнасці дзелавой размовы на вышэйшым узроўні  і яго невідавочны палітычны аспект  улавіў Андрэй Крывашэеў. 

Яшчэ гадоў 10 таму пачуць ад палітыка або чыноўніка з Еўрасаюза словы аб важнасці беларускай стабільнасці для Еўропы або прапановы манетазаваць наш устойлівы рост на карысць усіх еўрапейцаў  было з разраду фантастыкі. Да сусветнага крызісу і лакальных канфліктаў у Еўразіі нам прапаноўвалі хіба што радыкальныя рэформы і паскораную прыватызацыю. Г.з. форму на шкоду зместу, а гэта як раз бяспека, якасць жыцця і стабільнасць. 

Зрэшты, апошнія 10 гадоў і перманентны крызіс у палітыцы, эканоміцы і сферы бяспекі  падштурхнуў еўрапейскую эліту да пераацэньвання і ўласных прыярытэтаў, і суседзяў у цэлым, і Беларусі ў прыватнасці. Так што цвярозы прагматызм, уласцівы найперш банкірам і бізнесу,  сёння стаў агульнай пазіцыяй для палітыкаў і чыноўнікаў.

Госць у Палацы Незалежнасці Вазіл Худак - з тых рэдкіх кіраўнікоў, што не змяняў пазіцыю. Выпускнік Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін і Гарварда паспеў папрацаваць у банках з сусветнымі імёнамі, затым у Мінфіне Славакіі ўзначальваў антыкрызісны кірунак. Потым яшчэ два гады вёў эканоміку на пасадзе міністра. Таму сёння віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестбанка да сустрэчы з беларускім лідарам з лёгкасцю знаходзіць агульную мову з міністрам эканомікі Беларусі. Па сутнасці, працуюць на адну мэту і гавораць на адной мове. Хоць, акрамя роднай, госць валодае яшчэ рускай, англійскай, французскай і польскай. 

Размова пра крэдыты, нават інвестыцыйныя, рэдка бывае простай. Але з Прэзідэнтам і пачынаюць з жарту, і пазней госць прызнаецца: размова ішла пра справу, але па-чалавечы вельмі цёпла. 

Прэзідэнт: Дзяржслужба без фінансаў нішто.

Наогул Еўрапейскі інвестбанк – галоўны інструмент Еўрасаюза па збліжэнні членаў ЕС і развіцці суседзяў і партнёраў ад Лацінскай Амерыкі да Азіі. 

Адсюль траціна праектаў - для поўдня Еўропы, пасля крызісу аднаўляецца Грэцыя, Італія і Іспанія. І новы вектар на краіны "Усходняга партнёрства", уключаючы Беларусь. Еўрасаюзу жыццёва патрэбныя спакойныя, стабільныя і прадказальныя партнёры на Усходзе. Без крызісаў, хваль міграцыі і канфліктаў. Яшчэ і таму Беларусь - узорны партнёр банка. 

Крэдыты банка - гэта доўгія і недарагія грошы. Тэрмін пагашэння ад 15 гадоў, ёсць ільготны перыяд, а стаўка па крэдыце - адна з самых нізкіх у Еўропе і свеце. Такія пазыкі лагічна траціць на масіўныя інфраструктурныя праекты - дарогі, энергетыку, экалогію, лічбавізацыю дзяржпаслуг і якасць жыцця людзей. Гэтыя праекты не прыносяць хуткай фінансавай аддачы, але працуюць на стабільнасць і бяспеку ў рэгіёне. 

Улічваючы гэта, Прэзідэнт, вядома, выдзяляе дарогі. Беларусь, як і родная для госця Славакія, на скрыжаванні транспартных артэрый кантынента. Тут і трансеўрапейская магістраль Усход - Захад (у нас М1), і новы Шаўковы шлях ад Кітая да Партугаліі, і змычка Поўначы і Поўдня, якая буксуе пакуль з-за палітыкі. Прыйдзе час і легендарная "Е95" ізноў звяжа Паўночную Еўропу, Расію, Украіну і ўвесь басейн Чорнага мора.

Беларусь як надзейны пазычальнік працуе з банкам ужо два  гады. Летась стартавалі два пілотныя  праекты на суму  159 мільёнаў еўра. Крыху  менш за палову  сродкаў праз Беларус- і Белаграпрамбанк накіраваныя на развіццё малога і сярэдняга бізнесу - гэта інавацыі і сацыяльная стабільнасць. 84 мільёны еўра вылучаныя на рэканструкцыю Мінскай ачышчальнай станцыі - гэта экалогія і якасць жыцця беларусаў у сталічнай агламерацыі. 

Пасля мадэрнізацыі неперапрацаваны асадак ад сцёкавых вод паменшыцца ў 24 разы.  Мала таго,  з адыходаў будуць вырабляць біягаз, паліўныя гранулы, электраэнергію і нават кампаненты будаўнічых сумесяў. Але, галоўнае, прыкметна чысцей стане вада ў Свіслачы і паветра ў Мінскім раёне. Прычым ачышчальны эфект адчуюць нават еўрапейцы ў басейне Дняпра і Чорнага мора. Прэзідэнт на сустрэчы як раз вылучае сумесныя "зялёныя" ініцыятывы. Бо гэта інвестыцыі ў якасць жыцця на пакаленні наперад. 

Сёлета з апорай на поспех мінулых укладанняў Беларусь і Еўрапейскі інвестбанк маюць намер рэалізаваць яшчэ 4 буйныя праекты.

Гэта рэканструкцыя аўтадарогі Мінск - Ашмяны - Каменны Лог, плюс пашырэнне пункта пропуску ў кірунку краін Балтыі і Паўночнай Еўропы - той самы праект, што вылучыў Кіраўнік дзяржавы. Цана пытання - 110 мільёнаў  еўра. 

Другое ўкладанне - ачыстка пітной вады і перапрацоўка цвёрдых адходаў для мінскай агламерацыі. Праект "зялёны", не камерцыйны, і ідзе з самым доўгім і камфортным тэрмінам пагашэння крэдыту - звыш 30 гадоў. 

Яшчэ адзін кірунак - мадэрнізацыя кацельняў, перавод,  дзе гэта эфектыўна, з газу і мазуту на дровы і адходы дрэваапрацоўкі. Плюс цеплавая рэнавацыя жылля - у народзе празваная тэрмашубамі  для хрушчовак і панэлек. Гэта і эканомна, і змяняе тыпавое аблічча раёнаў забудовы да лепшага. 

Нарэшце, чацвёрты праект - гэтае ўкладанні ў малы і сярэдні бізнес Беларусі праз айчынныя банкі. 75 мільёнаў  еўра ўжо пайшло на развіццё прадпрымальніцкай жылкі, да канца года будзе яшчэ адзін транш  на суму звыш 80 мільёнаў. 

Разам штогадовы прырост інвестыцыйнага  партфеля - пад 300 мільёнаў. Менавіта таму Беларусь запрашае, а банк сур'ёзна разважае над адкрыццём свайго прадстаўніцтва ў ключавой для Еўрасаюза краіне рэгіёна. 

У сур'ёзных укладанняў Еўрапейскага інвестыцыйнага банка ёсць не толькі фінансавая, але і важная палітычная місія. Унутры  Еўрасаюза - выраўноўваць эканамічныя магчымасці, страхаваць ад канфліктаў і паўраспаду, напрыклад у выглядзе Брэксіту.  У па-за - укладваць ва ўстойлівае развіццё суседзяў, каб не сутыкнуцца  з новай хваляй бежанцаў або новым узброеным канфліктам, як ва Украіне і Сірыі. Абедзве стратэгіі прызнаюць і яшчэ адзін факт - дзяржавы і суверэнітэты нікуды не знікнуць, і стабільнасць - іх галоўная якасць. 

Менавіта аб гэтым заўсёды заяўляла Беларусь, і менавіта так дзейнічала апошнія гадоў 20. І сучасныя прызнанні заходніх фінансістаў, палітыкаў, чыноўнікаў і экспертаў  лішні раз паказваюць,  наколькі беларусы мелі рацыю,  не робячы рэзкіх рухаў у найноўшай гісторыі.