Беларускі лідар прыняў даверчыя граматы паслоў 12 дзяржаў

16 апреля 2013

Менавіта з гэтага моманту  для замежных дыпламатаў пачынаецца місія ў нашай краіне.  Кіраўнік дзяржавы  выказаў надзею, што адносіны Беларусі з краінамі, якія прадстаўляюць новыя паслы, стануць годным прыкладам сяброўства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.


Наш аглядальнік Алеся Высоцкая сачыла за цырымоніяй.



Ля параднага ўваходу Палаца Рэспублікі -  Рота ганаровай варты.  Адзін за адным   пад'язджаюць  аўтамабілі прадстаўніцкага класа,  пакуль без знакаў адрознення. Такі пратакол. У руках у дыпламатаў - белыя  папкі. Гэта і ёсць даверчыя  граматы, пасля ўручэння якіх першай асобе дзяржавы кіраўнікі дыпмісій лічацца пасламі. У дакуменце - імя, ранг дыпламата, а таксама просьба: верыць пасланцу гэтай краіны. Традыцыі ўжо стагоддзі, але, як і ў часы Візантыі, сёння таксама ўсё  згодна са строгімі дыпламатычнымі канонамі. 


Даверчыя граматы Прэзідэнту Беларусі ўручылі паслы Анголы, Гватэмалы, Гвінеі-Бісау, Ірана, Кот-д'Івуара, Лаоса, Літвы, Мексікі, Нігерыі, Перу, Філіпінаў і Чылі.  Фарміраванне пояса добрасуседства - прыярытэт беларускай знешняй палітыкі, падкрэсліў  Кіраўнік дзяржавы. Высока шанаваць мір і давер, сябраваць шчыра і без каменя за пазухай беларусаў навучыла гісторыя.


Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: Якія б рэгіёны вы ні прадстаўлялі, у самым сэрцы Еўропы ў асобе Беларусі вы знаходзіце прадказальнага і адкрытага партнёра. Мы не толькі гатовыя да прадуктыўнага ўзаемадзеяння, але і па-сяброўску заўсёды прыйдзем на дапамогу ў выпадку неабходнасці. Беларусь рэалізуе любыя ініцыятывы, якія дапамогуць умацаваць сувязі паміж краінамі і пашырыць гарызонты супрацоўніцтва”.


А гарызонтаў супрацоўніцтва з гэтымі краінамі - шмат. Напрыклад, з  Літвой, дыпмісію якой у нашай краіне ўзначаліў Эвалдас Ігнатавічус. Беларусь разлічвае на нармалізацыю беларуска-еўрапейскіх адносін. Да таго ж у другой палове 2013 года гэтая дзяржава старшынствуе ў Еўрасаюзе. У Беларусі з Літвой шмат сумесных інтарэсаў - і ў галіне бяспекі, і ў гандлі, і ў прамысловай кааперацыі. Летась у беларускую эканоміку паступілі 173 мільёны долараў літоўскіх інвестыцый.  А наш экспарт у гэтую краіну вырас  амаль на 40%.


Лацінская Амерыка -  таксама асаблівы вектар для  знешняй палітыкі Беларусі. Летась агульны тавараабарот з дзяржавамі  гэтага рэгіёну перавысіў 2 мільярды долараў. Ад простага гандлю з нашай краінай тут даўно перайшлі да сумесных праектаў. Гэта  нафтаздабыча, будаўніцтва, прамысловасць, сельская гаспадарка.


Традыцыйнымі партнёрамі з'яўляюцца для Беларусі і краіны Азіі. Адкрываюцца новыя рынкі. Даверчую грамату Аляксандру Лукашэнку ўручыў сёння і пасол Ірана. Беларуска-іранскія кантакты носяць выключна мірны характар, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Для сумесных праектаў з удзелам  капіталу з гэтай краіны ствараюцца камфортныя ўмовы. Ёсць што прапанаваць у супрацоўніцтве і Філіпінам, і краінам Афрыканскага кантынента.


Строгая цырымонія змянілася  нефармальнай гутаркай.  Аляксандр Лукашэнка, не мяняючы традыцыі, прапанаваў гасцям  шампанскае Савецкае.  Падышоў  літаральна да кожнага і асабіста павіншаваў  з пачаткам дыпмісіі. Улічваючы  блізкасць менталітэтаў, самы  працяглы дыялог атрымаўся з паслом суседкі Літвы.


Звяртаючыся да дыпламатаў, Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што адносіны Беларусі з дзяржавамі, якія яны прадстаўляюць, стануць годным прыкладам сяброўства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.


Ад Палаца Рэспублікі аўтамабілі  новых паслоў ад'язджалі ўжо з флагамі краін, якія яны прадстаўляюць. З гэтага моманту  для замежных дыпламатаў пачалася  місія ў нашай краіне.