Беларусі і Казахстану неабходна пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве

31 мая 2016

Пра гэта Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў у Астане на сустрэчы з прэзідэнтам Нурсултанам Назарбаевым. Паводле слоў беларускага лідара, бакі пакуль не пераламалі тэндэнцыю да паніжэння тавараабароту.

Мінск і Астана распрацавалі праекты міждзяржаўных пагадненняў па мірным выкарыстанні космасу і развіцці інфраструктуры сувязі. На перамовах у Астане лідары абмеркавалі і праекты ў машынабудаванні, і сумесныя прадпрыемствы.

Сёння днём палітыкі сустрэнуцца зноў за круглым сталом Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Парадак дня саміта ўключае паўтара дзясяткі тэм. Прэзідэнты абмяркуюць супрацоўніцтва ЕАЭС з Еўрасаюзам, Кітаем і іншымі краінамі. Важнае для Беларусі пытанне - канцэпцыя адзінага нафтагазавага рынку краін пяцёркі. Ён дазволіць да 2025 года мець агульны доступ удзельнікаў інтэграцыі да біржавых закупак чорнага золата і да яго транзіту.

Праграмай саміта на сённяшнія перамовы прэзідэнтаў адведзеныя дзве з паловай гадзіны. Праблемных пытанняў нямнога, але вострыя тэмы для інтэграцыі ўсё ж ёсць. У першую чаргу, паніжэнне паказчыку ўнутранага гандлю і абарона еўразійскай эканомікі ад негатыўных сусветных тэндэнцый.