Такую заяву зрабіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна. Дэлегацыя на чале з губернатарам Аляксандрам Багамазам гэтымі днямі працуе ў Мінску. Не проста гандляваць, а працаваць над сумеснымі праектамі ў машынпраме, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і сферы біятэхналогій. Вось на што арыентаваў сёння беларускі Прэзідэнт. Галоўнае - гэта прамыя кантакты з расійскімі рэгіёнамі. Што гэта дасць? Наталля Брэвус - аб афіцыйных перамовах і рэальных прыкладах супрацоўніцтва.
Невыпадкова на борце камбайна адразу два флагі - беларускі і расійскі. Сімвалічна. Бо гэты завод - сумеснае прадпрыемства. На рынку СП больш за 10 гадоў. Вытворчасць у Бранску дазваляе зніжаць сабекошт гомельскіх машын. Гэта толькі на карысць канкурэнтаздольнасці. Збіраюць некалькі мадэляў камбайнаў і кормаўборачнай тэхнікі. Адсюль распрадаюць машыны па ўсёй Расіі - дзейнічае амаль 7 дзясяткаў дылерскіх цэнтраў.
Зусім нядаўна бранска-гомельскія камбайны адправіліся ў Малдову, Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан, Украіну. У планах пастаўка на Блізкі Усход. Наогул, гэта адно з трох зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі на Браншчыне. Тут яшчэ збіраюць пагрузчыкі і ліфтавае абсталяванне. Ёсць цікавасць у прасоўванні такой кааперацыі.
Не прайшло і двух месяцаў, а бранская дэлегацыя зноў у Мінску. У пачатку чэрвеня губернатар Аляксандр Багамаз прымаў удзел у Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Гэта зручная пляцоўка для гутаркі. Гэтымі днямі ў дэлегацыі шчыльны графік у Беларусі. Учора працавалі ў Віцебскай вобласці, на заўтра вызначаны сустрэчы ў Брэсцкай. Па сённяшніх перамовах адразу зразумела - з Беларуссю гэты рэгіён Расіі сур'ёзна і надоўга. Усё ж жывём і працуем побач.
Вядома, летась адчулі падзенне сусветнага попыту. Трэба сказаць, што гэта быў не лепшы час і для агульнага тавараабароту. А лічба гандлю паміж Беларуссю і гэтым расійскім рэгіёнам набліжалася да мільярда долараў. Але па сілах выцягнуць, лічыць Прэзідэнт. Тым больш што ёсць рост.
Бранск актыўна будуецца. У новых дамах дарэчы будуць нашы ліфты. Напярэдадні заключылі і кантракт на пастаўку будматэрыялаў. А наогул вырашана стварыць агульны будаўнічы комплекс. Бо звышзадача - не проста гандляваць. а арыентавацца на сумесныя праекты. Акрамя звыклага ўжо машынпрама, гэта могуць быць біятэхналогіі або АПК.
Аляксандр Багамаз быў абраны губернатарам Бранскай вобласці амаль год таму. Да гэтага столькі ж працаваў з прыстаўкай в.а. Цікава, што ў біяграфіі цяперашняга губернатара значыцца не толькі дэпутацкі стаж. У Дзярждуме ён працаваў у складзе камітэтаў па навуцы і аграрных пытаннях. Але і кіраўніцтва сялянска-фермерскай гаспадаркай. У Беларусі бываў.
Калі шчыра, то шмат у чым менавіта цесныя кантакты рэгіёнаў выцягнулі ўсё беларуска-расійскае супрацоўніцтва. На гэта не раз звяртаў увагу і Аляксандр Лукашэнка. Яго ініцыятыва - абапірацца на рэгіянальнае партнёрства. Сёння сувязі наладжаныя з амаль 80 суб'ектамі Федэрацыі. Ад Далёкага - ва ўсіх сэнсах - Усходу да суседняй Браншчыны. За мінулы год амаль паўсотні візітаў да нас дэлегацый з Расіі. Прыжылася і ідэя парламентарыяў - праводзіць штогод Форум рэгіёнаў дзвюх краін.
Прэзідэнт параіў кіраўніку рэгіёна не саромецца - тэлефанаваць ва ўрад, калі ёсць добрыя прапановы. На слушнае заўсёды адгукнуцца. У Мінску губернатар заехаў у Саўмін. Па выніках падпісана праграма развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Бранскай вобласцю на найбліжэйшыя 3 гады.
Бранцы задумалі ўзяцца за абнаўленне парка пасажырскай і камунальнай тэхнікі. Закупкі пачнуцца ў наступным годзе. Але ўжо зараз была магчымасць апрабаваць беларускія аўтобусы і грузавікі. Тэст-драйв - прама на заводзе.
Гэты пункт праграмы візіту дэлегацыі без эканамічнага падтэксту, але абавязковы. Вянок да манумента Перамогі. Збліжаюць не толькі сумесныя праекты, але і агульная памяць.
Афіцыйныя кантакты - гэта і сігнал для бізнесменаў. Маўляў, адкрытыя да супрацоўніцтва. Ужо ў канцы месяца ў Бранск на форум адправіцца вялікая дэлегацыя беларускіх прадпрымальнікаў.













