Прэзідэнт: Беларусбанк павінен захаваць сацыяльную скіраванасць у сваёй працы

12 декабря 2017

Беларусбанк павінен захаваць сацыяльную скіраванасць у сваёй працы. Такую задачу сёння паставіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са старшынёй праўлення Віктарам Ананічам.

Гаворка ішла пра вынікі працы найбуйнейшага банка краіны, а таксама планы на будучыню. Сёння Беларусбанк захоўвае першыя пазіцыі. На яго долю прыпадае больш як палова ўкладаў насельніцтва і рэкорд у колькасці выдадзеных крэдытаў. Дарэчы, на фінансаванне жыллёвага будаўніцтва ў 2018 банк накіруе каля 400 мільёнаў рублёў. Аляксандр Лукашэнка сёння цікавіўся не толькі сітуацыяй у банку, але і ў цэлым становішчам у фінансавай сферы краіны.

Стратэгія развіцця да 2020 года грунтуецца на павышэнні эфектыўнасці і рэнтабельнасці капіталу. Акрамя таго, мэта Беларусбанка - стаць лідарам не толькі ў аб'ёмах бізнесу, але і ў тэхналагічнасці. Да 2020 года банк плануе забяспечыць рэнтабельнасць капіталу больш за 11 %, што павысіць інвестпрывабнасць фінансавай структуры. У стратэгіі развіцця закладзеныя і механізмы падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, іх Беларусбанк рэалізуе і зараз. За 2017 год на развіццё прадпрымальніцтва выдадзена больш за 600 мільёнаў рублёў, гэта ў два з паловай разы больш за леташні паказчык. У наступным годзе аб'ёмы крэдытавання значна павялічаць.

Зусім хутка Беларусбанк адзначыць сваё 95-годдзе. З якімі вынікамі лідар банкаўскага рынку краіны падыходзіць да гэтай даты, якімі новымі сэрвісамі плануе пацешыць кліентаў і якія фінансавыя інструменты дапамогуць у куплі першага беларускага красовера завода "БелДжы"? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў нядзелю ў "Галоўным эфіры".