Беларусь зацікаўленая ў больш цесным супрацоўніцтве з Захадам

17 апреля 2015

Пра гэта сёння заявіў Кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з Еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕС. Іаханес Хан упершыню ў Беларусі на гэтай пасадзе. Галоўная мэта яго візіту - вывучыць магчымасці для развіцця адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Падчас  размовы  Аляксандр Лукашэнка  звярнуў увагу на тое, што  апошнім часам паміж нашай краінай і ЕС ідзе інтэнсіўны дыялог, з'явіліся новыя  напрамкі  і інтарэсы двухбаковага супрацоўніцтва.

 

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Беларусі: "Мы не  ўтойвалі і не ўтойваем, што вельмі зацікаўленыя ў тым, каб больш цесна  супрацоўнічаць з Еўрапейскім саюзам у  галіне тэхналогій, перш за ўсё цывільнага прызначэння, у развіцці эканамічных кантактаў. Эканоміка павінна быць падмуркам любых адносін і супрацоўніцтва. Вельмі актуалізаваны апошнім часам такі напрамак, як бяспека, асабліва ва ўсходнім рэгіёне Еўропы. Акрамя таго, важным з'яўляецца ўзаемадзеянне па спыненні трансгранічнай злачыннасці. Беларусь уносіць істотны  ўклад у  барацьбу з пранікненнем наркотыкаў, ядзерных рэчываў на тэрыторыю Еўропы. Думаю, што гэты напрамак ужо ў найбліжэйшы час будзе ўсё больш і больш уяўляцца актуальным".

 

Іаханес Хан, Еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕС: "Вялікі дзякуй за тое, што знайшлі час сустрэцца са мной і членамі дэлегацыі. Насамрэч настаў той час, калі мы павінны сустрэцца разам. Зараз мы працуем над праектаваннем нашай палітыкі ў будучыні. І ключавы аспект тут - індывідуальны падыход да ўсіх краін "Усходняга партнёрства". Мы павінны даведацца інтарэсы нашых суседзяў і супаставіць іх з інтарэсамі ЕС у цэлым. Ключавым інтарэсам ЕС  з'яўляецца мір, стабільнасць і росквіт нашых суседзяў".

 

Таксама падчас сустрэчы Кіраўнік дзяржавы і еўракамісар абмеркавалі магчымасці супрацоўніцтва Еўразійскага эканамічнага саюза і ЕС. Візіт Іаханеса Хана праходзіць у рамках наведвання шасці краін "Усходняга партнёрства"  перад самітам, што адбудзецца ў Рызе ў маі.