Беларусь выступае за ўзмацненне ролі АБСЕ

16 июня 2015

Аб гэтым заявілі на сустрэчы ў Кіраўніка  дзяржавы з прадстаўнікамі арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Мінск актыўна выступае за рэфармаванне арганізацыі. Што датычыцца сітуацыі вакол Украіны, то тут наша пазіцыя адназначная. АБСЕ - адзіная арганізацыя, якая іграе значную ролю ў спыненні ваенных дзеянняў на суседняй для нас тэрыторыі. Аднак беларускі бок жадаў бы бачыць большую ўцягнутасць АБСЕ ў вырашэнні канфлікту - адзначыў беларускі лідар. У цэлым узаемадзеянне нашай краіны з дадзенай арганізацыяй даволі інтэнсіўнае. Ужо рэалізаваны шэраг сумесных праектаў - гэта і барацьба з гандлем людзьмі, пагранічная бяспека, ахова навакольнага асяроддзя. На сустрэчы ішла размова і аб галоўнай палітычнай кампаніі – маючыя адбыцца выбары прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка запрасіў прадстаўнікоў АБСЕ правесці маніторынг выбарчага працэсу. Аб чым яшчэ гаварылі на сустрэчы - у рэпартажы Вольгі Макей.

Беларусь - паўнапраўны член АБСЕ ўжо 23 гады. І для афіцыйнага Мінска ўдзел у гэтай арганізацыі мае прынцыповае значэнне. Бо АБСЕ - добрая пляцоўка для прасоўвання знешнепалітычных ініцыятыў і развіцця дыялогу з ключавымі еўрапейскімі структурамі. Зараз наспела неабходнасць, як гаворыцца, зверыць гадзіннікі па асноўных кірунках супрацоўніцтва.

 

Беларусь і АБСЕ ўжо рэалізавалі шэраг сумесных праектаў. Сярод іх - процідзеянне гандлю людзьмі, пагранічная бяспека і ахова навакольнага асяроддзя. На чарзе праца па ўтылізацыі кампанентаў вадкага ракетнага паліва (мемарандум сёння падпісалі ў Мінабароны). Наперадзе  сумесная праца па барацьбе з наркатрафікам.

Генеральны сакратар АБСЕ і дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека прыбылі ў Мінск напярэдадні і паспелі правесці шэраг сустрэч. Дарэчы, у беларускай сталіцы Ламберта Заньер учора сустрэў і свой дзень нараджэння.

Апошнім часам усё часцей гавораць аб канкрэтным укладзе Беларусі ў антыкрызісныя намаганні АБСЕ. Узважаная пазіцыя па пытанні ўкраінскага канфлікту, даванне перагаворнай пляцоўкі для кантактнай групы і мінскія дамоўленасці. Як следства - дээскалацыя напружанасці на паўднёвым усходзе Украіны.  Але апроч гэтага, афіцыйны Мінск - адзін з самых ініцыятыўных удзельнікаў арганізацыі. Беларусь выступае за рэфармаванне АБСЕ.

Ламберта Заньеру тэма прадухілення канфліктаў блізкая. 5 гадоў ён вёў гэты кірунак у АБСЕ - узначальваў адпаведнае падраздзяленне. Ля руля арганізацыі стаў у 2011 годзе. На думку аўтарытэтнага дыпламата, Мінск сыграў асаблівую ролю ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту.

АБСЕ - гэта найбуйнейшая ў свеце рэгіянальная арганізацыя, якая аб'ядноўвае 57 краін і займаецца пытаннямі бяспекі.

Умоўна дзейнасць структуры можна падзяліць на тры так званыя кошыкі. Першае вымярэнне - ваенна-палітычнае. Гэта кантроль над распаўсюджваннем узбраенняў і дыпламатычныя намагмнні па прадухіленні канфліктаў. Другі кошык - пытанні эканамічнай і экалагічнай бяспекі. І, нарэшце, трэці - гуманітарнае вымярэнне. Сюды ўваходзяць пытанні абароны правоў чалавека, развіццё дэмакратычных працэсаў і маніторынг выбараў.  

Як правіла, у працы АБСЕ менавіта электаральныя працэсы: назіранне за выбарамі, ацэнка выбарчых кампаній. Такім чынам, як гавораць эксперты, у апошні час адбываецца "перакос" на бок трэцяга кошыка.

У тым ліку і таму Беларусь за рэфармаванне арганізацыі і за тое, каб зрабіць яе працу больш эфектыўнай. Сярод ініцыятыў Мінска, агучаных яшчэ ў 2010-м на саміце ў Астане, - выпрацоўка агульных для ўсіх стандартаў у правядзенні выбарчых кампаній і трансфармацыя АБСЕ ў паўнавартасную міжнародную структуру, дзеючую ў інтарэсах усіх дзяржаў-удзельнікаў.

Нягледзячы на своеасаблівыя падыходы, спецыялісты ад АБСЕ будуць сачыць за ходам прэзідэнцкай кампаніі. Нікому не забаронена назіраць за выбарамі - выразная пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі. Яе Прэзідэнт агучыў на мінулым тыдні, сустракаючыся са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. А сёння запрашэнне прадстаўнікоў АБСЕ назіраць за выбарамі прагучала з вуснаў Прэзідэнта.

Меркаваная дата старту галоўнай палітычнай кампаніі ў Беларусі - 30 чэрвеня. У Цэнтрвыбаркаме наступіла гарачая арганізацыйная пара. Як наладжаная праца па падрыхтоўцы - цікавіцца дырэктар БДІПЧ АБСЕ. Сёння Міхаэль Георг Лінк правёў сустрэчу з Лідзіяй Ярмошынай.

Мяркуецца, што выбары пройдуць 11 кастрычніка. Дату яшчэ трэба будзе адобрыць парламенту. Дэпутаты гэтае пытанне разгледзяць 30 чэрвеня. Ужо пасля назіральнікі атрымаюць афіцыйнае запрашэнне. У Цэнтрвыбаркаме чакаюць ацэначную місію АБСЕ  ў другой палове ліпеня.