Беларусь выканае ўсе дасягнутыя з Егіптам дамоўленасці

28 августа 2017

Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных спраў Егіпта.

Самех Шукры ўпершыню ў нашай краіне. У Палацы Незалежнасці бакі абмеркавалі актуальныя пытанні пашырэння беларуска-егіпецкага ўзаемадзеяння. У тым ліку выкананне дамоўленасцяў, дасягнутых па выніках студзеньскага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет.

Тады на перамовах у Каіры закрытых тэм не было. Лідары дзяржаў дамовіліся: узаемнае супрацоўніцтва неабходна зрабіць больш паўнаважкім і дзейсным. Прэзідэнты завізавалі 10 дакументаў, палова з іх мемарандумы аб супрацоўніцтве ў галіне прававой дапамогі, сельскай гаспадаркі і навукі.

Дамовіліся распрацаваць дарожную карту развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва. Гэтае даручэнне выканана з акцэнтам на павышэнне выніковасці гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Яшчэ адна з прыярытэтных задач - развіццё прамысловай кааперацыі. Сёння з канвеераў у Каіры сыходзяць беларускія трактары і грузавікі. У сталіцы Егіпта дзейнічае зборачная вытворчасць МАЗ і два брэнды МТЗ. Плануецца адкрыццё зборачнай вытворчасці "Амкадора".

Беларуска-егіпецкай дыпламатыі сёлета - чвэрць стагоддзя. Арабская дзяржава для нас - не толькі найважнейшы партнёр у Паўночнай Афрыцы, але і апорны пункт на ўсім кантыненце. У студзені-маі адзначаны значны рост экспарту беларускіх тавараў у Егіпет. Тавараабарот за першае паўгоддзе перавысіў 40 мільёнаў долараў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года рост 161%. Сёння на сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы гаворка ішла і пра міжнародны парадак дня. Міністр замежных спраў Егіпта падкрэсліў уклад беларускага боку ў мірнае вырашэнне рэгіянальных канфліктаў.