Беларусь бачыць вялікі патэнцыял у развіцці супрацоўніцтва з Растоўскай вобласцю

11 мая 2017

Такую заяву сёння зрабіў Прэзідэнт на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Васілём Голубевым.

Гэта ўжо не першы візіт прадстаўнікоў гэтай вобласці ў Беларусь. Разам з губернатарам у Мінск прыехалі буйныя прамыслоўцы, бізнесмены і дэпутаты. Растоўская вобласць - адзін з асноўных партнёраў Беларусі на поўдні Расіі. Традыцыйна рэгіён пастаўляе нам нафтапрадукты і метал. Мы ж прадаём тэхніку, камплектуючыя, нафтахімію і прадукты харчавання. У іх развітая дылерская сетка такіх брэндаў, як Гомсельмаш, МАЗ, МТЗ, "Амкадор". Летась Беларусі і Растоўскай вобласці ўдалося спыніць тэндэнцыю паніжэння тавараабароту. Плюс 20 працэнтаў, што складае каля 340 мільёнаў долараў. Але рэальна дасягнуць і планкі ва ўзаемным гандлі паўмільярда долараў. Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае больш актыўна выкарыстоўваць беларускія тавары і тэхналогіі.

У наступным годзе Растоў-на-Доне ў ліку іншых гарадоў Расіі прыме чэмпіянат свету па футболе. Да мундыялю Беларусь абновіць лінейку пасажырскага транспарту. Шэраг тэндараў на пастаўку нашы вытворцы ўжо выйгралі, у тым ліку і для іншых расійскіх гарадоў, дзе будуць праходзіць матчы чэмпіянату. Госці з Растова наведаюць і Белкамунмаш, дзе ім прадэманструюць і беларускую навінку - электробус.