Беларусь узмацняе прысутнасць на рынку Паўднёва-Усходняй Азіі

3 июня 2013

В'етнам, Інданезія, Сінгапур - зараз на прамыя кантакты ў гандлі наша краіна выходзіць з Лаосам. Адпаведныя пытанні Прэзідэнт Беларусі сёння абмяркоўваў з віцэ-прэм'ерам - міністрам замежных спраў гэтай азіяцкай краіны. Да цяперашняга часу ўзаемадзеянне паміж краінамі ў асноўным здзяйснялася праз В'етнам. Але сённяшняя сустрэча і маючы адбыцца візіт прэзідэнта Лаоса ў Мінск павінны пазбавіць краіны ад пасрэднікаў у супрацоўніцтве і наладзіць прамыя сувязі. Тым больш, ужо зараз вызначаныя галоўныя гандлёвыя ўзаемныя інтарэсы. З боку Лаоса - гэта беларуская тэхніка, шыны, фармацэўтыка і харчовая прамысловасць.


Рэпартаж Сяргея Хамянтоўскага.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Лаосам устаноўленыя ў 1994 годзе. Але гісторыя сяброўства двух народаў даўжэйшая, сыходзіць каранямі ў Савецкі Саюз. Менавіта пры падтрымцы СССР і В'етнама была ўтвораная Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка.

Дагаворна-прававая база двухбаковых адносін пакуль у стане зачаткавым. Але эканоміка ўжо пайшла. Летась тавараабарот паміж Беларуссю і Лаосам перавысіў 11 мільёнаў долараў. Беларускі экспарт дамінуе. Лаос імпартуе прамысловую прадукцыю і спажывецкія тавары. Гэта стварае добрыя перадумовы для айчыннага экспарцёра, у першую чаргу вытворцы сельскагаспадарчай, аўтамабільнай і кар'ернай тэхнікі.

Паўднёва-Усходняя Азія для Беларусі рынак перспектыўны. Інданезія - апорная база, але і з іншымі краінамі рэгіёну трэба гандляваць напроста. Лаос член Асацыяцыі краін Паўднёваўсходняй Азіі. З 2015 года АСЕАН стане адзіным гандлёвым саюзам. Беларускія тавары, трапляючы ў Лаос, аўтаматычна пранікаюць на рынкі яшчэ 10 краін з насельніцтвам больш чым паўмільярда чалавек.

Эксперты ўпэўненыя: і ў выпадку з Лаосам эканоміка пераможа геаграфію. Афіцыйнаму В'ецьяну патрэбныя тэхніка і тэхналогіі для прамысловага рыўка. МАЗ ужо вядзе перамовы па пастаўках машын і запчастак з лаоскімі кампаніямі. Уключыўшы лізінгавыя схемы, напроста выходзіць і МТЗ. У стадыі прапрацоўкі стварэнне ў Лаосе СП па вытворчасці дзіцячага харчавання з беларускай сыравіны і пастаўкі ў краіну нашых лекаў. На думку экспертаў, першы візіт прэзідэнта Лаоса ў Беларусь будзе мець выключнае значэнне для нарошчвання супрацоўніцтва.

Тханглун Сісуліт, намеснік прэм'ер-міністра - міністр замежных спраў Лаоса: Наш візіт мае важнае значэнне для развіцця плённых дружалюбных адносін. Нягледзячы на значную геаграфічную аддаленасць дзвюх дзяржаў, Беларусь мы заўсёды лічылі і лічым сябрам Лаоса.


У чарзе сустрэч і перамоў сёння знайшлося месца і гістарычнай памяці. Высокі госць з Лаоса ўсклаў вянок да манумента на плошчы Перамогі ў Мінску, ушанаваўшы памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.