Напярэдадні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару часопіса Туркменістан Міхаілу Пераплесніну. Кіраўнік беларускай дзяржавы адказаў на шэраг пытанняў па перспектывах двухбаковых адносін. Адзін са знакавых праектаў - будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Яго беларускія спецыялісты ўзводзяць у Туркменістане пад ключ. Падрабязнасці - у Ілоны Красуцкай.
Першае пытанне галоўнага рэдактара часопіса Туркменістан Міхаіла Пераплесніна беларускі лідар чакаў. Размова - аб развіцці партнёрства. І тут, сапраўды, месца выключна пазітыўным ацэнкам. Узаемны гандаль пайшоў на рэкорд. Упершыню - паўмільярда долараў. Формула поспеху - упэўнены Прэзідэнт - штогадовыя візіты на вышэйшым узроўні. Адносіны Беларусі і Туркменістана Аляксандр Лукашэнка лічыць стратэгічнымі.
Вялікі тавараабарот не адзіны гонар двух прэзідэнтаў. Нямала зроблена і для развіцця гуманітарнага супрацоўніцтва. Беларусь па праве стала кузняй кадраў для Туркменістана. Больш як 7 тысяч туркменскіх студэнтаў атрымліваюць у нас адукацыю.
Напрыклад, асновы прафесіі механізатара першакурснікі спасцігаюць не з падручнікаў. Лекцыі праходзяць прама на канвееры МТЗ.
Адзін са знакавых праектаў - Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат. Ён стане сімвалам беларуска-туркменскіх адносін - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Завод пад ключ будуюць беларускія спецыялісты на паўднёвым усходзе Туркменістана - на адным з самых багатых радовішчаў калійных соляў. Першую партыю руды прадпрыемства плануе атрымаць у сярэдзіне 2016 года.
Штогод сотні мільёнаў тон грузапатоку перасякаюць нашу краіну. Ды і сітуацыя ў суседняй Украіне забяспечыла дадатак да лічбы. Развіццё дарожнай сеткі і стварэнне лагістычных ланцужкоў - адны з прыярытэтных задач Беларусі як транзітнай дзяржавы. І тут не апошнюю ролю выканае Туркменістан.
Інтэрв'ю Прэзідэнта Беларусі з'явіцца не толькі ў часопісе Туркменістан. Адказы Аляксандра Лукашэнкі растыражуюць туркменскія СМІ. Поўную версію размесцяць і на сайце ўрада, у часопісе МЗС Знешняя палітыка і дыпламатыя Туркменістана, а таксама на партале дзяржаўнай інфармацыйнай службы.














