Беларусь пашырае партнёрства з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам

5 августа 2019

Аб умацаванні супрацоўніцтва якраз ішла размова сёння на сустрэчы беларускага лідара з віцэ-прэзідэнтам гэтага міжнароднага фінансавага інстытута. За паўтара года партфель інвестпраектаў перавысіў 300 мільёнаў еўра. Падобнай дынамікі сапраўды няма ні з адным іншым стратэгічным крэдыторам у свеце.

Ключавыя для краіны і Еўропы праекты з удзелам банка - гэта транспартны калідор Мінск - Ашмяны - Літва як новая лагістычная артэрыя для краін Балтыі і Паўночнай Еўропы. Плюс ачыстка вады ў мінскай агламерацыі, цеплавая рэнавацыя жылля і перавод кацельняў на мясцовыя віды паліва, напрыклад, дровы. Экалагічны эфект адчуюць не толькі мінчане, але і дзясяткі мільёнаў еўрапейцаў - жыхароў басейнаў Дняпра і Чорнага мора. Усе праекты нацэленыя на ўстойлівае развіццё і высокую якасць жыцця ў Беларусі і Цэнтральнай Еўропе.

Беларусь - стратэгічны партнёр Еўрапейскага саюза для інвеставання ў стабільнае развіццё, лагістыку і зялёныя праекты. Гэта падкрэсліў Вазіл Худак, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Укладваць у Беларусь бяспечна і выгадна, у прыватнасці таму партфель доўгатэрміновых укладаў будзе і далей большаць на 200-300 мільёнаў еўра за год, так што банк ужо задумваецца аб адкрыцці свайго прадстаўніцтва ў Беларусі.

Да паўмільярда еўра вырастуць агульныя ўкладанні Еўрапейскага інвестыцыйнага банка ў Беларусь у гэтым годзе. Партфель папоўніцца недарагой крэдытнай лініяй на развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Улічваючы штогадовы прырост інвестпартфеля, банк сур'ёзна разважае над адкрыццём свайго прадстаўніцтва ў ключавой для Еўрасаюза краіне рэгіёна. 

Крэдыты банка - гэта доўгія і недарагія грошы, выгадныя для эканомікі. Тэрмін пагашэння - звыш 15 гадоў, ёсць ільготны перыяд, а стаўка па крэдыце - адна з самых нізкіх у свеце. Такія пазыкі лагічна выдаткоўваць на вялікія інфраструктурныя праекты: дарогі, энергетыку, экалогію, лічбавізацыю дзяржпаслуг і якасць жыцця людзей. Гэтыя праекты не прыносяць хуткай фінансавай аддачы, але працуюць на стабільнасць і бяспеку ў рэгіёне. І менавіта ў гэтым Еўрасаюз бачыць свае выгады ад інвестыцый банка. Не гнацца за прыбыткам, а інвеставаць у сваіх суседзяў і партнёраў.