Беларусь разлічвае ўзмацніць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Кітаем

17 мая 2013

Сёння Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з намеснікам старшыні Цэнтральнага ваеннага савета Кітая генерал-палкоўнікам Сюй Цілянам. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь разлічвае ўзмацніць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Кітаем і ўмацаваць абараназдольнасць краіны. Гэта першы візіт высокапастаўленых кітайскіх чыноўнікаў у Беларусь пасля перадачы ўлады ў КНР так званаму пятаму пакаленню кіраўнікоў.


У сваю чаргу Сюй Цілян адзначыў, што мэта яго візіту - умацаваць адносіны паміж краінамі. Ён падкрэсліў, што і ў Беларусі, і ў Кітаі ўдзяляюць вялікую ўвагу развіццю стратэгічнага супрацоўніцтва. І перадаў найлепшыя пажаданні Прэзідэнту краіны ад кіраўніка КНР. 


Сюй Цілян, намеснік старшыні Цэнтральнага ваеннага савета Кітая: Першым чынам дазвольце мне перадаць вам сардэчнае прывітанне і найлепшыя пажаданні ад імя старшыні Кітая Сі Цзіньпіна. Напярэдадні свайго візіту ў Мінск я сустракаўся з ім і далажыў пра маючую адбыцца паездку  ў вашу краіну. У яго засталіся вельмі глыбокія і цудоўныя ўражанні аб Беларусі і ад зносін з вамі.  Галоўная мэта майго візіту - умацаваць давер паміж нашымі краінамі і ўмацаваць супрацоўніцтва як у ваеннай, так і ў эканамічнай сферы.


Адзначым, тавараабарот паміж Мінскам і Пекінам летась наблізіўся да 3 мільярдаў долараў.  Краіны рэалізуюць некалькі сумесных праектаў. Галоўным застаецца Беларуска-Кітайскі індустрыяльны парк, які павінен стаць найбуйнейшай транснацыянальнай кампаніяй ва ўсёй Усходняй Еўропе.