Беларусь разлічвае сумесна з Курскай вобласцю Расіі выйсці на вытворчасць hi-tech сусветнага ўзроўню

5 декабря 2017

Беларусь разлічвае сумесна з Курскай вобласцю Расіі выйсці на вытворчасць высока-тэхналагічнай прадукцыі сусветнага ўзроўню. Аб гэтым сёння гаварылі ў Палацы Незалежнасці, дзе прайшла сустрэча Прэзідэнта з дэлегацыяй расійскага рэгіёна. Для Курскай вобласці Мінск - адзін з асноўных партнёраў. За студзень-верасень тавараабарот наблізіўся да лічбы 100 мільёнаў долараў. Гэта амаль на 40 працэнтаў больш за леташні. Але патэнцыял ёсць у прамысловасці, сельскай гаспадарцы і будаўніцтве.

У саставе дэлегацыі Курскай вобласці - кіраўнікі вядучых прамысловых і сельгаспрадпрыемстваў, устаноў адукацыі, бізнесмены. Губернатарам рэгіёна ўжо 17 гадоў з'яўляецца Аляксандр Міхайлаў. У яго кар'еры гэты візіт у Беларусь ужо шосты.

Курская вобласць - адзін з прамыслова развітых рэгіёнаў Расіі. Вызначальную ролю ў мясцовай эканоміцы выконваюць здабыча і ўзбагачэнне руды, машынабудаванне, нафтахімія і сельская гаспадарка. Курская атамная станцыя - адна з найбуйнейшых у краіне. Ёсць стратэгія па развіцці АПК, якая зробіць рэгіён "харчовым цэнтрам" Расіі.

Афіцыйная праграма візіту дэлегацыі з Курскай вобласці пачалася яшчэ раніцай на плошчы Перамогі. Госці на чале з губернатарам усклалі кветкі да манумента, ушанаваўшы памяць герояў Вялікай Айчыннай. Прадметныя перамовы курская дэлегацыя сёння правядзе ў Савеце Міністраў. Плануюцца сустрэчы з кіраўніцтвам Мінгарвыканкама, наведванне заводаў і спартыўных аб'ектаў.