Беларусь разлічвае на далейшае плённае супрацоўніцтва з Раснафтай

18 февраля 2020
Пра цяперашнія  і будучыя дамоўленасці ў Палацы Незалежнасці гаварылі Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік расійскай кампаніі Ігар Сечын.

Нагадаем, кантракты на пастаўку чорнага золата ў нашу краіну мінулі 31 снежня. Перамовы аб прадаўжэнні пагадненняў па-ранейшаму ідуць поўным ходам. Між тым Мінск закупіў пробную партыю нарвежскай нафты. Прапрацоўваюцца і іншыя крыніцы пастаўкі вуглевадародаў. Зрэшты, адмаўляцца ад сумеснай працы з Расіяй  Беларусь не плануе.

Нагадаем, 7 лютага ў Сочы пытанні паставак нафты і газу абмяркоўвалі прэзідэнты Беларусі і Расіі. Тады ж дамовіліся: кошт блакітнага паліва  ранейшы. Нафта - па сусветнай цане. Пры гэтым Мінск вядзе з расійскімі кампаніямі перамовы без умяшання Крамля, індывідуальна.

Ужо некалькіх пастаўшчыкоў выявілі зацікаўленасць у супрацоўніцтве па новай схеме. Што датычыцца Раснафты, то дзяржкарпарацыя гатовая абмеркаваць наступную форму працы: пастаўка энергарэсурсу на нашы НПЗ, перапрацоўка і адпраўка паліва на аўтазапраўкі Раснафты ў Беларусі.